«Гэта харчовая дыверсія». Лукашэнка сабраў нараду па ўборачнай і звыкла «даў дразда» падначаленым

Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня сабраў селектарную нараду па ўборачнай кампаніі. Ён раскрытыкаваў некаторых кіраўнікоў, якія падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі «папросту завалілі». Цытуем паводле паведамлення яго прэс-службы.

Фота прэс-службы Лукашэнкі

Фота прэс-службы Лукашэнкі

Лукашэнка на нарадзе заявіў, што галоўныя патрабаванні на ўборачны перыяд у Беларусі — якасць і тэмпы. І менавіта тут, як яму далажылі Камітэт дзяржкантролю і Генпракуратура, «не ўсё так гладка». Паводле яго слоў, многія кіраўнікі падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі папросту завалілі, а ў асобных арганізацыях тэхніку нават не пачыналі рамантаваць.

— Фактычна кожны дзесяты камбайн не гатовы да працы. Няма механізатараў, кажуць. Як няма? Бо мы яшчэ восенню мінулага года дамовіліся. Не ўсюды працуюць элеватары і склады для захоўвання збожжа. Прычым такое высветлілася пры праверцы ў кожнай чацвёртай гаспадарцы. Прыпіскі па гатоўнасці тэхнікі і зернесушыльных комплексаў устаноўлены на 40 сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Гэта не проста безадказнасць з боку мясцовай улады, гэта харчовая дыверсія. Менавіта так гэта будзе расцэньвацца, — прыгразіў Лукашэнка.