Лукашэнка ў інтэрв'ю AFP заявіў, што Калеснікава і Ціханоўскі дагэтуль пад следствам. БТ гэта не паказала
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю францускаму «Франс Прэс» заявіў, што ў беларускіх турмах не ўтрымліваецца ніхто з яго апанентаў, а Марыя Калеснікава і Сяргей Ціханоўскі дагэтуль знаходзяцца пад следствам, суду над імі яшчэ не было. Гэта фрагмент не паказаў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1», але заўважыла «Ме*ыязона» ў поўнай версіі гутаркі, якая выйшла ў Францыі.
Аляксандр Лукашэнка. Вось вы кажаце, у нас сотні змешчаны ў турмы. Але калі ўжо казаць аб кімсьці з так званай апазіцыі, пра якую вы сказалі… Хоць з апазіцыяй гэта нічога агульнага не мае — гэта людзі, якія выступілі супраць дзяржавы. Супраць дзяржавы, а не супраць улады. Супраць дзяржавы і супраць уласнага народа… Дык у нас, я нават вось не памятаю, каб нават з тых яркіх бандытаў, якія мяцеж зладзілі, каб яны былі ў турме. Следства ідзе. Ідзе следства, суда яшчэ не было! Я магу памыляцца, можа быць, адзін-два чалавекі і былі асуджаныя. Але я проста не ўзгадаю і не ведаю такіх выпадкаў. Таму ў турмах у нас яшчэ пакуль ніхто не ўтрымліваецца. З апазіцыі, як вы сказалі.
Карэспандэнт (здзіўлена). Калеснікава, муж
Ціханоўскай?
Лукашэнка. Па-мойму ў іх следства яшчэ не скончана…
Карэспандэнт. Па-мойму, яны ўжо асуджаныя…
Лукашэнка. Асуджаныя? Асуджаныя, так? (Пытаецца ў чалавека,
які знаходзіцца за кадрам) Ну, я, прабачце, я адразу папрасіў прабачэння, што я
кажу, можа быць, я яшчэ не ўсё ведаю.
14 снежня 2021 года Гомельскі абласны суд асудзіў Сяргея
Ціханоўскага да 18 гадоў калоніі. Разам з ім на тэрміны больш за 10 гадоў былі
асуджаныя палітык Мікалай Статкевіч, блогер Ігар Лосік, аўтар ютуб-канала
MozgON Уладзімір Цыгановіч, аператар «Краіны для жыцця» Арцём Сакаў і
эсэмэмшчык Дзмітрый Папоў.
6 верасня 2021 года суд асудзіў Марыю Калеснікаву да 11
гадоў калоніі. Разам з ёй на 10 гадоў асудзілі юрыста Максіма Знака.