Украіна плануе адправіць першы карабель са збожжам у сераду

Нягледзячы на абстрэлы і парушаныя дамоўленасці, Украіна плануе вываз збожжа са сваіх партоў, у якіх на дадзены момант заблакавана каля 20 мільёнаў тон сельгаспрадукцыі.

Порт Адэсы, па якім Расіяй быў нанесены ракетны ўдар

Порт Адэсы, па якім Расіяй быў нанесены ракетны ўдар


Першы карабель з украінскім збожжам павінен адправіцца ў сераду з порта Чарнаморск. Пра гэта заявілі ў Міністэрстве інфраструктуры Украіны, паведамляе тэлеканал «Euronews». Падпісанае 22 ліпеня ў Стамбуле пагадненне прадугледжвае экспарт сельгаспрадукцыі таксама з Адэсы і порта «Паўднёвы». Яны павінны адправіць першыя партыі на працягу двух тыдняў. На дадзены момант у партах Украіны заблакавана каля 20 мільёнаў тон збожжа.
Аляксандр Кубракоў, міністр інфраструктуры Украіны:
«Мы чакаем, што праца пачнецца ў бліжэйшыя дні. Чакаем стварэння каардынацыйнага цэнтра ў Стамбуле на гэтым тыдні, рыхтуем усё, што залежыць ад нас, каб быць гатовымі да старту на гэтым тыдні», — заявіў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў.
Украінскі бок падкрэслівае, што працягвае працу, нават нягледзячы на нядаўні расійскі ўдар па Адэсе. Паводле паведамленняў Кіева, ракеты патрапілі як раз у збожжавы тэрмінал, загінуў адзін чалавек. Але ў Маскве сцвярджаюць, што абстралялі склад з амерыканскімі супрацькарабельных ракетамі «Гарпун».
У пятніцу, 22 ліпеня, у Стамбуле Расія і Украіна падпісалі асобныя дамовы з пасярэднікамі — ААН і Турцыяй, — адмовіўшыся заключаць пагадненне паміж сабой наконт вывазу збожжа з тэрыторыі Украіны. У Турцыі ж будзе дзейнічаць і каардынацыйны цэнтр, а пры неабходнасці надгляду судоў яго таксама будуць праводзіць толькі ў турэцкіх водах.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш асудзіў ракетны абстрэл порта Адэсы, але не назваў Расію адказнай за гэтыя дзеянні.