ААН не назвала Расію адказнай за абстрэл марскога порта ў Адэсе, дзе захоўвалася збожжа для экспарту

Генеральны сакратар ААН не назваў Расію адказнай за ўдар і парушэнне дамоўленасцяў.

1658577420_9829.jpg

Праз некалькі гадзін пасля атакі расійцаў на адэскі марскі порт, дзе чакала адпраўкі збожжа, у ААН адрэагавалі на інцыдэнт.

Як гаворыцца ў заяве намесніка прэс-сакратара Генеральнага сакратара ААН Фархана Хака, Антоніу Гутэрыш «безумоўна асуджае ўдары, нанесеных сёння па ўкраінскім порце Адэса».

Пры гэтым генеральны сакратар ААН не называе Расію адказнай за ўдар і парушэнне дамоўленасцяў.

«Учора ўсе бакі ўзялі на сябе выразныя абавязацельствы на сусветнай арэне па забеспячэнні бяспечнага руху ўкраінскага збожжа і спадарожных тавараў на сусветныя рынкі. Гэтыя прадукты вельмі неабходныя для пераадолення глабальнага харчовага крызісу і палягчэння пакут мільёнаў людзей па ўсім свеце. Поўнае выкананне Расійскай Федэрацыяй, Украінай і Турцыяй з'яўляецца абавязковым», — адзначаецца ў заяве, якую цытуе unian.net.

Тым часам украінскія медыя паведамляюць, што расійскія ракеты не патрапілі ў сховішча збожжа ў Адэскім порце. Пра гэта заявіла начальніца прэс-цэнтру Сіл абароны поўдня Наталля Гумянюк.

Паводле яе слоў, параненых і значных разбурэнняў у выніку абстрэлу порта таксама няма, ракеты трапілі па помпавай станцыі, узнік нязначны пажар.

Нагадаем, што расійцы ўдарылі па порце ў Адэсе праз суткі пасля падпісання ў Стамбуле пагадзення аб вывазе збожжа.

Пра рэакцыю турэцкага боку на выбухі ў Адэсе пакуль невядома.