Сусветнага голаду не здарыцца? Падпісанае пагадненне па ўкраінскім збожжы
У Стамбуле падпісалі пагадненне, якое дазволіць вывезці ўкраінскае збожжа. Генеральны сакратар ААН заявіў, што гэта самае важнае, што ён зрабіў на сваёй пасадзе.
У Стамбуле адбылося падпісанне пагаднення наконт разблакавання ўкраінскіх партоў для вывазу збожжа.
Дакумент называецца "Ініцыятыва па бяспечнай транспарціроўцы збожжа і прадуктаў харчавання з украінскіх партоў". Украіна пры гэтым звяртае асаблівую ўвагу, што не падпісвала ніякіх дакументаў з Расіяй.
Пагадненне прадугледжвае, што кантроль партоў "Адэса", "Чарнаморск" і "Паўднёвы" цалкам застаюцца за ўкраінскім бокам. Знаходжанне ў гэтых партах іншых караблёў, акрамя тых, якія павінны забяспечваць экспарт збожжа і звязаных з ім харчовых прадуктаў і ўгнаенняў, не прадугледжваецца.
Дакумент таксама не прадугледжвае паслаблення санкцый у дачыненні да Расіі. А таксама не будзе ніводнага транспартнага суправаджэння рускімі караблямі ўкраінскіх.
ААН заявіла, што разглядае падпісанае пагадненне як вялікую дыпламатычную перамогу. Там лічаць аднаўленне экспарту збожжа жыццёва важным як для Украіны, так і для ўсяго свету, паколькі спыненне вывазу ставіць пад пагрозу сусветную харчовую бяспеку.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш распавёў у каментары ВВС, што цяперашняе пагадненне, магчыма, — самае важнае, што ён зрабіў на сваёй пасадзе за ўвесь час.
ААН заявіла, што спадзяецца на хуткае ўвасабленне дамоўленасцяў у жыццё. У суботу ў Стамбуле пачнуць ствараць каардынацыйны цэнтр, які будзе забяспечваць бяспеку і прытрымліванне ўмоваў пагаднення ўсімі бакамі. Відаць, наладжванне схемы транспарціроўкі зерня зойме некалькі тыдняў.
Паводле ацэнак заходніх экспертаў, у Адэсе і яе ваколіцах сабралася каля 20 мільёнаў тон збожжа. Вывозіць яго давядзецца праз замінаваныя вады вакол чарнаморскіх партоў, што, па сутнасці, азначае перамір'е на вадзе.
Цяпер Украіна вывозіць збожжа праз дунайскія парты і па сушы, але гэтыя каналы дазваляюць экспартаваць толькі невялікую колькасць ад даваенных аб'ёмаў. Рэзкае скарачэнне экспарту ўкраінскага збожжа пагражае харчовым крызісам многім небагатым краінам.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба лічыць, што Расія таксама зацікаўленая ў разблакоўцы экспарту збожжа, бо хоча паказаць краінам Афрыкі і Азіі, што клапоціцца пра іх. Акрамя таго, вырашэнне збожжавага крызісу дапаможа знізіць сусветныя цэны на муку, якія з моманту расійскага ўварвання павысіліся на 2%.
Паводле www.bbc.com, www.pravda.com.ua, www.unian.net, korrespondent.net