Wall Street Journal распавёў, як пасля пачатку вайны ва Украіне Казахстан дыстанцуецца ад Расіі
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну Казахстан — адзіная дзяржава Цэнтральнай Азіі, якая мае мяжу з РФ, — вырашыў перагледзець свае адносіны з Расіяй і пачаў шукаць саюзнікаў у ЗША, Турцыі і Кітаі. Пра гэта піша The Wall Street Journal, спасылаючыся на словы дзеючых і былых казахстанскіх чыноўнікаў, палітыкаў і аналітыкаў.
Многія гады, піша ў сваім матэрыяле WSJ, паміж Расіяй і
Кітаем існаваў сакрэтны «падзел працы» ў Казахстане: Масква сачыла за
бяспекай, а Пекін займаўся эканамічным развіццём. З пачаткам вайны ў Украіне
сітуацыя стала мяняцца. У канцы красавіка міністр нацыянальнай абароны Кітая
Вэй Фэнхэ наведаў Казахстан, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Касым-Жамартам
Такаевым. На сустрэчы яны дамовіліся ўмацаваць ваеннае супрацоўніцтва.
Таксама Казахстан імкнецца наладзіць больш цесныя сувязі з
Турцыяй, якая ўваходзіць у НАТА. У пачатку мая Такаеў прыляцеў у Анкару, дзе
прадстаўнікі дзвюх краін падпісалі пагадненне аб сумеснай вытворчасці ваенных
беспілотнікаў у Казахстане. Пачынаючы з красавіка, у Казахстан прыязджалі
некалькі чыноўнікаў з ЗША, так, у чэрвені краіну наведаў новы кіраўнік
Цэнтральнага камандавання ЗША генерал арміі Майкл Эрык Курыла.
У красавіку Казахстан павялічыў свой абаронны бюджэт на 441
мільярд тэнге (блізу 915 мільёнаў долараў). Неназваны высокапастаўлены чыноўнік
сказаў WSJ, што частку сродкаў накіруюць на тое, каб павялічыць вайсковыя
рэзервы краіны. Па словах суразмоўцы выдання, Казахстан вынес урок з жорсткага
супраціву Украіны і павінен рэфармаваць армію так, каб яна была гатовая да
гібрыднай вайны, у ходзе якой акрамя баявых дзеянняў звяртаюцца да кібератак,
дэзінфармацыі і ўмяшання ў выбары.
The Wall Street Journal адзначае, што, пакуль некаторыя на
Захадзе думаюць, што войска Расіі стала бяспечным праціўнікам, высокапастаўлены
чыноўнік у адной з краін Цэнтральнай Азіі кажа, што страх перад амбіцыямі Расіі
толькі расце: «Адна справа, калі яны маюць справу з іншымі, у іх ёсць
Усходняя Еўропа і Украіна, каб марнаваць свой час на іх прыгнёт. Уявіце, калі ў
іх не будзе Украіны для гэтага. Мы будзем наступнымі?»
Казахстан, як і іншыя краіны Цэнтральнай Азіі, размешчаныя
па суседстве з Расіяй, пасля расійскага ўварвання ва Украіну захаваў нейтралітэт
у дачыненні да вайны. Як піша WSJ, краіна захоўвае далікатную раўнавагу: у
Казахстане забаранілі дэманстрацыі супраць вайны ва Украіне, але таксама
забаранілі публічна дэманстраваць сімвал Z — адзін з сімвалаў расійскага
ўварвання.
17 чэрвеня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў,
выступаючы на Пецярбургскім эканамічным форуме, у прысутнасці Уладзіміра Пуціна назваў самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР» квазідзяржаўнымі тэрыторыямі
і заявіў, што Казахстан не прызнае іх.
Акрамя таго, Казахстан рыхтаваўся падтрымаць некаторыя
заходнія санкцыі: у пачатку ліпеня Мінфін Казахстана апублікаваў для
грамадскага абмеркавання праект загаду, які забараняе пастаўку ў Расію і
Беларусь тавараў, уключаных у санкцыйныя спісы. 6 ліпеня прэс-сакратар
прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы гэта, сказаў, што ніякага рашэння пакуль
няма, а «нашы ўрады знаходзяцца ў пастаянным кантакце». Пасля гэтага аб
прыняцці дакумента не паведамлялася.
Паводле «Медузы».