ААН: ад пачатку вайны ва Украіне загінулі 5237 мірных жыхароў

За пяць месяцаў з 24 лютага па 24 ліпеня на Украіне загінулі 5237 мірных жыхароў, паведаміла ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

756588128596216.jpg

Па дадзеных ААН, падчас ваенных дзеянняў загінулі 2019 мужчын, 1379 жанчын, 143 дзяўчынкі і 164 хлопчыкі. Дадзеных аб поле яшчэ 41 памерлага дзіцяці і 1491 дарослага пакуль няма.

Раненні атрымалі 7035 чалавек, у тым ліку 1384 мужчыны, 1017 жанчын, 150 дзяўчынак і 215 хлопчыкаў. Пол яшчэ 195 дзяцей і 4074 дарослых пакуль не вядомы.

ААН зафіксавала больш за ўсё ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва ў Данецкай і Луганскай абласцях. На падкантрольнай уладам Украіны тэрыторыі загінулі 2848 чалавек і 2820 пацярпелі. На тэрыторыі пад кантролем узброеных сіл Расіі, «ДНР» і «ЛНР» загінуў 241 чалавек, параненыя — 940.

Астатнія выпадкі гібелі або ранення адбываліся ў Кіеве, Чаркаскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай, Херсонскай, Кіеўскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Палтаўскай, Ровенскай, Вінніцкай, Цярнопальскай, Івана-Франкоўскай і Жытомірскай абласцях.

Большасць ахвяр гінулі або атрымлівалі раненні, калі вайскоўцы ўжывалі зброю выбуховага дзеяння з шырокім радыусам паражэння, у тым ліку цяжкую артылерыю, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, рэактыўныя снарады, альбо наносілі авіяўдары.

Ва ўпраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адзначылі, што фактычныя лічбы страт сярод мірных жыхароў значна вышэй, бо ўпраўленне не можа атрымаць інфармацыю з месцаў, дзе ішлі інтэнсіўныя баявыя дзеянні. Гэта тычыцца Марыупаля, Ізюма, Лісічанску, Папаснай і Севераданецка.