«Разыходзіцца добра». Кнігу Максіма Знака «Зэкамерон» можна набыць у расійскіх інтэрнэт-крамах

«Зэкамерон» Максіма Знака выйшаў з друку. Прадаецца ў інтэрнэт-крамах «Азон» і «Вайлберыз». Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў генеральны дырэктар расійскага выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак. 

315904486_666910214968642_8500250260874115674_n.jpg

Паводое слоў Барыса Пастарнака, твор палітвязня Максіма Знака таксама прадаецца ў звычайных расійскіх кнігарнях, «куды паспелі давезці».

«Разыходзіцца добра, ужо ёсць заказы на дадрукоўку. Калі раптам прачытаеце на сайце «Няма ў продажы», пакідайце заяўку — заўтра будзе. Аўтар у курсе, але кнігі яшчэ не бачыў. Спадзяемся, атрымае ад родных з навагодняй святочнай перадачай», — адзначыў выдаўца.

Ён таксама прывёў урывак з «Зэкамерона» — з апавядання «Гэта мы».

«Сёння было яго дзяжурства, і з гэтай нагоды ён прэзентаваў набытыя на апошняй атаварцы інструменты: савок <...>, ануча для падлогі. Сродак для сантэхнікі, пральны парашок (дадаць крыху пры мыцці падлогі для свежасці) і губкі. Усё гэта багацце тут удалося купіць — рэдкая ўдача!

Праз 10 хвілін пасля пачатку ўборкі ён са здзіўленнем глядзеў на маленькую чорную граду смецця. Новы «савок» прыйшлося напаўняць двойчы. А ўчора была дакладна такая ж куча. Страціўшы надзею зразумець, хто цягае смецце ў камеру, ён вырашыў спытаць:

— Прыбіралі ж! Адкуль гэта ўсё?

— Ды ты паглядзі: пыл з коўдраў, з ваты, дробныя кавалкі тынкоўкі са сцен, пабелка зверху. Гэта мы. Гэта мы павольна ламаем турму».

Дакументальны раман юрыста з каманды Віктара Бабарыкі Максіма Знака быў яшчэ вясной надрукаваны на рускай мове ў расійскім часопісе, пасля чаго неўзабаве быў перакладзены на беларускую.

6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд пасля слуханняў справы ў закрытым рэжыме прысудзіў Максіма Знака да 10 гадоў пазбаўлення волі і прызнаў яго вінаватым у стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» і змове з мэтай захопу ўлады. Марыя Калеснікава, якую судзілі разам з Максімам, была прысуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Максім Знак адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба».