Ад 14 да 20 гадоў. Якія тэрміны запрасілі па «справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі»
Мінскі абласны суд 22 лістапада працягнуў разгляд «справы Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі», па якой праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Пра тое, як прайшло пасяджэнне і якія тэрміны запрасіла абвінавачанне для вязняў, распавялі праваабаронцы.
![agsb_kastrych.jpeg agsb_kastrych.jpeg](/img/v1/images/agsb_kastrych.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Агулам абвінавачваных судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за тэрарызм. Ім інкрымінуюцца тры эпізоды: спроба падрыву вузла сувязі Ваенна-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах.
Справу разглядае сумнавядомы суддзя Сяргей Епіхаў.
На мінулым працэсе мусілі адбыцца спрэчкі бакоў, але раптоўна ў закрытым рэжыме дапыталі інжынера вайсковай часткі ў Вілейцы і абвясцілі перапынак, каб пракурор падрыхтаваў новае абвінавачванне Дзмітрыю Сасноўскаму — адзінаму фігуранту, які не прызнаў віну. У выніку яму перакваліфікавалі «падрыхтоўку да акта тэрарызму» на «акт тэрарызму». Сёння пракурор запрасіў для пяці фігурантаў тэрміны — ад 14 да 20 гадоў калоніі.
На судзе 22 лістапада Дзмітрый выказаў сваю пазіцыю адносна новага абвінавачвання, заявіўшы, што «гэта была правакацыя праваахоўных
органаў». Сасноўскі не прызнаў віну ў акце тэрарызму ў
дачыненні да прапагандыста Азаронка.
«Маё сумленне чыстае, я нічога не здзяйсняў, на ролю
тэрарыста я дакладна не падыходжу», — заявіў Дзмітрый.
Пракурор больш за гадзіну зачытваў новае абвінавачанне. Падсудны віну, як і раней, не прызнаў і папрасіў выклікаць у суд Азаронка.
На судзе таксама была агучана інфармацыя, што пасля заяў Сасноўскага аб тым, што ў дачыненні да яго супрацоўнікамі КДБ ужываўся гвалт, была праведзена пракурорская праверка.
Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да
аператыўнікаў, якія яго затрымлівалі, было адмоўлена, паведаміў пракурор. Ён
папрасіў суд далучыць да матэрыялаў справы дакумент аб адмове.
![Як справы ў Дзмітрыя Сасноўскага, якога абвінавачваюць у «замаху» на Азаронка? Адказвае жонка Як справы ў Дзмітрыя Сасноўскага, якога абвінавачваюць у «замаху» на Азаронка? Адказвае жонка](/img/v1/images/2021_09_21120129pm_w6cav.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Якія тэрміны запрасілі фігурантам?
Пракурор палічыў даказанай віну ўсіх пяці абвінавачваных фігурантаў і запрасіў вялікія тэрміны зняволення па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
Наталлі Мацвеевай — 14 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага
рэжыму і штраф у памеры 400 базавых велічынь (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт.
290-4 («Удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт.
289 («Падрыхтоўка да акта тэрарызму»), ч. 2 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў
дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»);
Вадзіму Гулевічу — 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 600 базавых велічынь (19 200 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 («Удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 1 арт. 290-2 («Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці»), ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3 («Падрыхтоўка да праходжання навучання ці іншая падрыхтоўка для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці»), ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»);
Кірылу Ашурку — 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 400 базавых велічынь (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 («Удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 («Памагаты ў акце тэрарызму»);
Аляксею Глотаву — 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 («Удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў акце тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча»), ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 295 і ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»);
Дзмітрыю Сасноўскаму — 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў) паводле ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»), ч. 2 арт. 290-4 («Удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 1 арт. 359 («Акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча» [перакваліфікаваны на судовым працэсе з падрыхтоўкі]), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцый»), ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»).
Пракурор прасіў суд улічыць у якасці змякчальнай акалічнасці прызнанне віны Мацвеевай, а таксама выкананне ёй умоў дасудовага пагаднення са следствам.
У верасні 2021 года Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў,
Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак унесены ў пералік фізічных
асоб, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
У справе 15 тамоў. Следства праводзіў КДБ. Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.