«Рэпрэсіі ідуць у глыбіню часу». Валерый Карбалевіч — пра затрыманне Анатоля Шумчанкі

Чаму канвеер рэпрэсій не змяншае абароты: у страху вочы вялікія. Палітолаг Валерый Карбалевіч — пра затрыманне лідара ІП Анатоля Шумчанкі.

Анатоль Шумчанка падчас сустрэчы з прадпрымальнікамі

Анатоль Шумчанка падчас сустрэчы з прадпрымальнікамі

— Усё ідзе ў рамках агульнага трэнду — рэпрэсіраваць усіх, хто не тое што цяпер выказвае нейкую публічную незадаволенасць, але і тых, хто калі-небудзь пратэставаў, выступаў, гэта значыць, усе публічныя фігуры, якія ў мінулым паказалі сябе як нейкія апаненты ўлады, — адзначыў палітолаг Валерый Карбалевіч «Салідарнасці», каментуючы затрыманне лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі.

Суразмоўца не выключае, што прычынай затрымання лідара беларускіх ІП магла стаць таксама яго мінулая дзейнасць, і нагадвае, што такія выпадкі, калі людзей рэпрэсіруюць за выказванні ці нейкія дзеянні, ажыццёўленыя яшчэ да 2020 года, не з'яўляюцца адзінкавымі.

— Гэта значыць, рэпрэсіі ідуць у глыбіню часу. Я дапускаю, што з гэтым звязана і затрыманне Шумчанкі. Калісьці ён арганізоўваў забастоўкі, пратэсты ІП. Не выключана, што цяпер яму гэта ўзгадаюць.

— Гэта кажа пра тое, што любы публічны чалавек, які нават спыніў сваю дзейнасць некалькі гадоў таму, не можа адчуваць сябе ў бяспецы пры цяперашнім рэжыме? 

— Абсалютна так. Лукашэнка сказаў: «Выражам усіх». Прытрымліваючыся гэтай логікі, і дзейнічае машына рэпрэсій у Беларусі. А прычынамі з'яўляюцца і помста за падзеі 2020 года, і пэўныя асцярогі, што падобнае можа паўтарыцца. Дый проста гэта ўжо сістэмная заканамернасць: гвалт ператвараецца ў форму існавання гэтага палітычнага рэжыму.

Калі раней гвалт выконваў дадатковую функцыю, то цяпер ён адыгрывае асноўную. Улады не хочуць шукаць якога-небудзь паразумення з грамадствам. Іх адзіная стаўка — на гвалт. А раз машына запушчана, даводзіцца адкопваць і старыя справы.

І ў гэтым ёсць пэўная логіка. Рэжым эвалюцыянуе ў таталітарную стадыю. Таталітарныя дзяржавы могуць існаваць дзесяцігоддзі ва ўмовах гвалту. Паўночная Карэя, Куба, Савецкі Саюз — для іх гэта якраз норма. Таму і для беларускага рэжыму цалкам нармальна тое, што адбываецца.

— Вы назвалі сярод прычын і асцярогі. Гэта значыць, страх самой улады таксама можа быць прычынай эскалацыі?

— Калі ва ўладзе адсутнічае зваротная сувязь з грамадствам, няма рэальнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне, могуць быць асцярогі, у тым ліку і перабольшаныя.

Таму што ўсе каналы зносін з грамадствам блакіраваны, усе механізмы атрафіраваны, у іх няма магчымасці ўбачыць рэальную карціну, даведацца, што адбываецца ў грамадстве. А калі не ведаеш, што адбываецца, у страху вочы вялікія.