Затрымалі лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку

У панядзелак быў затрыманы старшыня прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Яго выклікалі на допыт у Баранавічы, адкуль ён не вярнуўся, паведамляе «Народная Воля».

316097933_8247347501973604_6084626938709145779_n.jpg

Паведамляецца, што на допыт Шумчанку выклікалі ў якасці сведкі. Па якой справе, невядома. Прычынай жа затрымання стаў «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» — яшчэ восем гадоў таму Анатоль перасылаў камусьці спасылку на адзін з забароненых цяпер рэсурсаў. Гэта і стала нагодай для складання адміністрацыйнага пратаколу.

Вядома, што яшчэ ў пятніцу ў Шумчанкі прайшоў вобшук, па выніках якога сілавікі забралі камп'ютар і тэлефон.

Апошнім часам Анатоль актыўна выказваўся ў сацсетках наконт праблем прадпрымальнікаў, звязаных з забаронай на павышэнне коштаў. Таксама на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён пісаў пра сабраныя трывожныя валізкі.

Год таму мужчына цяжка хварэў на кавід.

Летась грамадскае абʼяднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва», якое ўзначальваў Шумчанка, было ліквідавана паводле пазову Міністэрства юстыцыі.

Аб’яднанне «Перспектыва» прадстаўляла інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў. Арганізацыя з'явілася ў снежні 2002 пасля масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў летам і восенню таго году. Прадпрымальнікі выступілі супраць уціску з боку дзяржавы іх эканамічных правоў. На хвалі акцый пратэсту лідары розных арганізацый прадпрымальнікаў дамовіліся аб супрацоўніцтве.

Старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка — арганізатар правядзення акцый пратэсту прадпрымальнікаў, ініцыятар перамоў і сустрэч прадпрымальнікаў з уладамі.

У тыя гады Шумчанка адбыў агулам 70 сутак арышту за акцыі пратэсту. Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» у 2005 годзе прызнавала яго вязнем сумлення.