Анатоль Шумчанка, які паўтара месяца змагаецца з COVID-19: 11 дзён быў дома, з панядзелка зноў у бальніцы

Кіраўнік аб'яднання беларускіх прадпрымальнікаў «Перспектыва» — адзін з самых медыйных ковід-пацыентаў краіны. Пра свой цяжкі шлях барацьбы з інфекцыяй ён спраўна справаздачыцца ў фэйсбуку. Сёння Анатоль Шумчанка пакінуў чарговы допіс: выявілася, што ў пэўны момант яго выпісалі дадому, аднак неўзабаве зноў паклалі ў лякарню.

253172881_6323732871001753_1621221856933010242_n.jpg

— Я быў 11 дзён дома, — піша Анатоль Шумчанка. — Але засталіся сур'ёзныя праблемы па лёгкіх пасля ковіда, таму з панядзелка зноў у бальніцы на лячэнні. Зараз ужо ў РНПЦ пульманалогіі. Тут ужо сапраўды па профілі.

Дзякуй усім за падтрымку! Не хаваю, мне вельмі цяжка. Як аказалася, паражэнне лёгкіх склала 50%. Плюс да ўсяго сур'ёзныя ўскладненні іншыя. У агульнай складанасці я ўжо па бальніцах бадзяюся 41 дзень, з іх амаль 2 тыдні ў рэанімацыі. Не думаю, што тут будзе хутка. Але я паспрабую, сябры мае. Усіх, як на Форуме, абдымаю і сумую... Цалкам выпаў з жыцця, але вельмі спадзяюся, што вярнуся! Беражыце сябе і не хварэйце!

Таксама Анатоль Шумчанка выказаўся наконт выкцынацыі.

— Прышчапляйцеся абавязкова. У рэанімацыі ніводнага прышчэпленага не было — ды дзядуля прышчэплены 85 гадоў хутка вылечыўся, а я 46 гадовы, непрышчэплены, злёг на доўга, — адзначыў лідар беларускіх прадпрымальнікаў.