Экс-кіраўніка аб'яднання прадпрымальнікаў аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Нагадаем, Анатоль Шумчанка не вярнуўся з допыту ў Баранавічах, куды ездзіў 21 лістапада. Пазней стала вядома, што яго затрымалі паводле артыкула 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і пакінулі ў ІЧУ да суда.

Сёння над ім адбыўся суд. Вынік — 15 базавых велічынь штрафу (480 рублёў).
Паведамляецца, што на допыт Шумчанку выклікалі ў якасці сведкі. Па якой справе, невядома. Прычынай жа затрымання стаў «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»: яшчэ восем гадоў таму Анатоль перасылаў камусьці спасылку на адзін з забароненых цяпер рэсурсаў. Гэта і стала нагодай для складання адміністрацыйнага пратакола.
Вядома, што яшчэ ў пятніцу ў Шумчанкі прайшоў вобшук, па выніках якога сілавікі забралі камп'ютар і тэлефон.
Апошнім часам Анатоль актыўна выказваўся ў сацсетках наконт праблем прадпрымальнікаў, звязаных з забаронай на павышэнне коштаў. Таксама на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён пісаў пра сабраныя трывожныя валізкі.

Летась грамадскае абʼяднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва», якое ўзначальваў Шумчанка, было ліквідавана паводле іска Міністэрства юстыцыі.
Аб’яднанне «Перспектыва» прадстаўляла інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў. Арганізацыя з'явілася ў снежні 2002 года пасля масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў летам і восенню. Прадпрымальнікі выступілі супраць ушчамлення з боку дзяржавы іх эканамічных правоў. На хвалі акцый пратэсту лідары розных арганізацый прадпрымальнікаў дамовіліся аб супрацоўніцтве.
Анатоль Шумчанка — арганізатар правядзення акцый пратэсту прадпрымальнікаў, ініцыятар перамоў і сустрэч прадпрымальнікаў з уладамі.
У тыя гады Шумчанка адбыў агулам 70 сутак арышту за акцыі пратэсту. Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» у 2005 годзе прызнавала яго вязнем сумлення.