Генадзь Коршунаў: Не верыць рэжым свайму народу — і баіцца

Сацыёлаг з апорай на афіцыйныя і незалежныя звесткі аналізуе дынаміку рэпрэсій у Беларусі і прыходзіць да высновы, што ўзровень ціску на грамадства і актывістаў як мінімум не зніжаецца. Пра гэта ён піша на сайце Цэнтра новых ідэй.

807bd09e_aad6_4a94_911d_d21b436d2e85_w1200_r1.webp

З аб'ектыўнай інфармацыяй аб сітуацыі ў Беларусі ўсё досыць складана. Між тым, нават з апорай на існуючыя даныя — і афіцыйныя, і незалежныя — можна казаць аб тым, што градус рэпрэсій у Беларусі як мінімум не зніжаецца, а то і расце.

Афіцыйныя даныя... Дзяржаўная статыстыка сёння — гэта такое сакрэтнае рэшата, у якім незразумела што ўтрымалася, а што пайшло «пылам у вочы». Але нешта ўсё ж дае нам неабходную інфармацыю. Так, у прыватнасці, можна звярнуць увагу на дынаміку залічэння людзей у «тэрарыстычны» і «экстрэмісцкі» спісы.

І калі са спісам тэрарыстаў рэжым пакуль не асабліва разганяецца (на 17 лістапада ў ім «усяго» 206 беларусаў з 951 са спісачнага складу), то колькасць «экстрэмістаў» расце фантастычнымі тэмпамі. Улады сталі залічаць да іх беларусаў ужо не дзясяткамі, як гэта было раней, а сотнямі. Так, у прыватнасці, 28 кастрычніка адным махам у гэты спіс было ўключана 625 чалавек.

Прычым запісваюць туды і ўжо вызваленых, і тых, хто яшчэ знаходзіцца ў месцах зняволення. Хацелася б, канешне, спытаць, у чым сэнс усіх гэтых маніпуляцый, але гэта, мабыць, рытарычнае пытанне ў сучасных умовах.

Незалежныя даныя — ёсць, але іх мала, і часцяком яны вельмі няпоўныя. Але тым не менш ёсць інфармацыя, з якой можна працаваць у рэжыме «як мінімум»: гэта значыць, наяўныя лічбы даюць нам ніжнюю планку для разумення нейкіх лічбаў або трэндаў (у рэальнасці іх значэнні могуць быць вышэйшымі і нават істотна вышэйшымі).

Так, напрыклад, дзякуючы маніторынгу Lawtrend мы ведаем, што з 2020 года трэці сектар ужо страціў як мінімум 1057 некамерцыйных арганізацый (фондаў, прафсаюзаў, асацыяцый і інш.), амаль 700 арганізацый знаходзяцца ў стане ліквідацыі. Для разумення: у 2021 годзе было ліквідавана толькі 150 арганізацый, у стадыі ліквідацыі знаходзілася +/- 350 (сумарна крыху больш за 500) і крыху больш за 200 падалі заяву на самаліквідацыю.

Не дазачысцілі грамадзянскую супольнасць у 2021-м дарэшты, але працэс ідзе. Паралельна з ім рэжым спрабуе рабіць нешта сваё, то анансуючы стварэнне спецыяльнага прэзідэнцкага фонду для падтрымкі грамадзянскай супольнасці, то арганізуючы нешта імя Эміля Чачко... Але гэта нават не сімуляцыя, а нешта з разраду сумнай пост-постіроніі.

Далей можна паглядзець статыстыку па «палітычных» затрыманнях. Тут трэба глядзець акуратна, менавіта скрозь прызму «як мінімум». Але нават пры такім падыходзе відаць, што восенню здарыўся новы ўсплёск рэпрэсій. Гэта добра бачна на фоне некаторага зацішша летам (для аналізу ўзяты даныя праваабарончага цэнтра «Вясна»).

Вырасла колькасць палітычна матываваных затрыманняў — калі летам (асабліва ў пачатку) гэта было 100-120 чалавек у месяц, то ў верасні мы маем як мінімум 413 затрыманняў, а ў кастрычніку — 317.

opera_snimok_2022_11_23_155739_newbelarus.vision.png


Расце колькасць асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў: паводле наяўных звестак, летам колькасць такіх асуджаных не перавышала 100 чалавек (чэрвень — 86, ліпень — 76, жнівень — 98), а восеньскія месяцы пакуль даюць стабільна больш за 110.

opera_snimok_2022_11_23_155818_newbelarus.vision.png


Адзначым, што сярод асуджаных па палітычных артыкулах восенню некалькі вырасла доля жанчын — склала 26%, у папярэднія месяцы 2022 года была роўная 24% (для параўнання: доля жанчын у агульным «экстрэмісцкім спісе» не перавышае 20%).

Увосень істотна ўзрос узровень жорсткасці пакаранняў: калі на працягу года сярэднія месячныя значэнні прысуджаных тэрмінаў зняволення складалі прыкладна 125-127 гадоў, то ў верасні гэты паказчык склаў 412 гадоў, а ў кастрычніку — 426 гадоў.

opera_snimok_2022_11_23_155921_newbelarus.vision.png


Апошняе звязана з беспрэцэдэнтна велізарнымі тэрмінамі, якія восенню былі прысуджаны фігурантам некалькіх гучных спраў:

  • «справа Аўтуховіча» — 25 гадоў прысудзілі Мікалаю Аўтуховічу, Павел Сава атрымаў 20 гадоў, Галіна Дзербыш — 20 гадоў, Вольга Маёрава — 20 гадоў і г. д.;
  • «справа Рабковай» — 17 гадоў Аляксандру Францкевічу, 16 гадоў — Акіхіру Гаеўскаму-Ханадзе, 15 — Марце Рабковай і г. д.;
  • па справе «Буслы ляцяць» — 15 гадоў — Андрэю Будаю, 14,5 — Аляксею Гамезу, 14 гадоў — Аляксею Іванісаву і г. д.;
  • «справа БелаПАН» — 14 гадоў — Андрэю Аляксандраву, Ірыне Злобінай — 9 гадоў…

Вялікія тэрміны атрымлівалі і «аўтаномныя» беларусы. Так, напрыклад, 15 гадоў атрымаў «рэйкавы партызан» Сяргей Канавалаў (па комплексе артыкулаў, але ў асноўным за планы па вывядзенні са строю сістэм бяспекі чыгуначнага руху). Такі ж тэрмін прысудзілі і Станіславу Кузьміцкаму за адміністраванне больш чым 30 тэлеграм-чатаў пратэснай накіраванасці.

Складваецца ўражанне, што «не перагортваецца старонка» ў рэжыму. Ніяк не перагортваецца.

Напэўна, таму, што не верыць рэжым свайму народу.

І баіцца.