Працэс над зняволеным журналістам Андрэем Пачобутам адкладзены
Суд мусіў пачацца 28 лістапада. Аднак з невядомых прычынаў працэс адклалі. У Гродзенскім абласным судзе новую дату працэсу пакуль не назвалі.
Андрэй Пачобут знаходзіцца за кратамі ўжо больш за паўтары гады — з сакавіка 2021 года.
Ён быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. Трох затрыманых актывістак пазней выпусцілі з-за кратаў, дазволіўшы выехаць у Польшчу. У Беларусі засталіся Пачобут і старшыня неафіцыйнага «Саюза палякаў у Беларусі» Анжаліка Борыс, якая знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Спачатку Андрэя Пачобута трымалі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйсненне наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму»). Пазней Пачобут быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму №8, а потым — у гарадзенскую турму №1
У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у «Magazyn Polski», напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку — аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
Увосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
У сярэдзіне жніўня 2022 года журналіст пачаў знаёміцца са справай. На гэта яму далі толькі месяц, а справа — аграмадная. Пачобут для таго, каб прачытаць як мага больш, нават адмовіўся ад абеду і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара. У лісце да блізкіх палітвязень напісаў, што 5 верасня скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы.
Стала вядома, што палітвязню таксама выставілі абвінавачанне паводле арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).
4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў журналіста ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Падтрымаць Пачобута лістамі і пераводамі можна па адрасе: Пачобут Андрэй Станіслававіч, турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.