Палітзняволеную Марыю Калеснікаву ўсё ж змясцілі ў ШІЗА
Марыя Калеснікава цяпер у ШІЗА. І калі яе адтуль выпусцяць, невядома.
Нядаўна Марыя
Калеснікава,
асуджаная да 11 гадоў калоніі, атрымала тры спагнанні ад адміністрацыі
гомельскай жаночай калоніі: за знаходжанне ў працоўны час не ў тым месцы і за няветлівы зварот з яе боку.
Сёння да яе не пусцілі адваката, бо нібыта ад яе не было заявы. Калі і на які тэрмін палітзняволеную змясцілі ў штрафны ізалятар — невядома, адзначаюць праваабаронцы.
Адвакату стала вядома, што Марыя Калеснікава атрымала тры спагнанні: 9 і 10 лістапада — за знаходжанне ў працоўны час не ў тым месцы, 11 лістапада — за няветлівы зварот.
«Дзеянні супрацоўнікаў ПК–4, якія парушылі канстытуцыйныя правы Марыі, у бліжэйшы час будуць абскарджаны ў пракуратуру і Дэпартамент выканання пакарання, а за накладзеныя на яе спагнанні — заява ў суд», — цытуе словы адваката тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», пра тое, што яе могуць змясціць у ШІЗА, Марыя Калеснікава днямі паведаміла свайму адвакату. 17 лістапада стала вядома, што яна распавяла: найбліжэйшым часам мусіла сабрацца камісія, якая разгледзіць нібыта дапушчаныя ёй «парушэнні».
Паводле дзіўнага супадзення, адзначыла палітзняволеная, усе «парушэнні» здарыліся тры дні запар: 9, 10 і 11 лістапада. І па кожным факце камісія магла накласці спагнанне — пазбаўленне чарговага спаткання або перадачы, аж да змяшчэння ў ШІЗА.
Адміністрацыя калоніі ўвесь час цісне на Марыю, астатнім жанчынам, па словах былых зняволеных, нават забаронена з ёй камунікаваць. Да таго ж Марыю раней неаднаразова пазбаўлялі спатканняў з бацькам, да яе не даходзіць вялікая частка лістоў, яе абмяжоўваюць па часе ў зносінах з адвакатам і парушаюць іншыя яе правы.
Нагадаем, Марыю Калеснікаву выкралі ў цэнтры Мінска больш за два гады таму — 7 верасня 2020 года. Улады паспрабавалі вытурыць яе з краіны, але Калеснікава парвала на мяжы свой пашпарт і адмовілася з’язджаць з Беларусі. Пазней яе судзілі і прызначылі 11 гадоў зняволення.
Падтрымаць Марыю можна лістамі на адрас: ПК №4. 246035, г. Гомель, Антошкіна, 3, Калеснікавай Марыі Аляксандраўне