Ілля Міронаў, які напісаў тысячы лістоў палітвязням, зноў пад арыштам
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў, які вядомы тым, што напісаў тысячы лістоў палітвязням, адпраўлены на 5 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс.

Валанцёра затрымалі 21 лістапада пасля выкліку ў РАУС, падчас якога міліцыянты знайшлі ў ягоным тэлефоне падпіску на адзін праваабарончы тэлеграм-канал, унесены ў спіс экстрэмісцкіх, паведамляе Штодзень.
Да суда Міронаў знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання.

Нагадаем, месяц таму Ілля Міронаў, асуджаны на 1,5 года папраўчай калоніі, выйшаў на волю. За кратамі палітвязень правёў больш за год. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.
Суд адбыўся 24 кастрычніка. Іллю Міронава асудзілі на 1,5 гады папраўчай калоніі і 200 базавых велічыняў штрафу. Але паколькі Ілля Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у залі суда.
