«Мне сказалі, што ў суседняй камеры мой сын з мяшком на галаве»

Праваабаронца Алег Граблеўскі расказаў «НЧ» падрабязнасці затрымання, СІЗА №1, пра жыццё ў эміграцыі і дапамогу ўцекачам і беларусам, якія застаюцца на радзіме. А яшчэ пра надзею...

Мікалай Бандарэнка з плакатам пра Алега Граблеўскага

Мікалай Бандарэнка з плакатам пра Алега Граблеўскага

Алег Граблеўскі — вядомы праваабаронца, які працаваў у Офісе па правах людзей з інваліднасцю. Разам з кіраўніком Офісу Сяргеем Драздоўскім быў арыштаваны ў лютым 2021 года. Іх абвінавацілі ў махлярстве (ар. 209 КК РБ). Махлярствам беларускія следчыя палічылі тое, што Офіс на грошы беларускага прадстаўніцтва ААН аказваў прававую дапамогу ўдзельнікам пратэстаў.

Алег Граблеўскі паўгода правёў у СІЗА №1 на Валадарскага, з якога ў жніўні 2021 года быў  выпушчаны пад паручальніцтва, яму ўдалося ўцячы з краіны, і амаль год ён жыве ў Германіі пад міжнароднай абаронай.

«Вы іх бароніце, а яны ходзяць па вуліцах»

Я быў затрыманы 3 лютага 2021 года наўпрост у офісе. Дасюль не ведаю, хто мяне затрымліваў, супрацоўнікі не прадставіліся. Калі я спытаўся, чаму, мне адказалі: «Вы іх бароніце, а яны ходзяць па вуліцах». На пытанне, як гэта стасуецца з Крымінальным кодэксам, адказалі: «Ваша деятельность противоречит интересам государства». Спачатку мяне адвезлі ў ДФР, дзе супрацоўнік на маіх вачах парваў дамову з адвакатам, потым у Цэнтральны РАУС, потым на Акрэсціна і нарэшце ў СІЗА №1 на Валадарскага.


Абвінавачванні мне ўжо перадалі ў камеру. Пацярпелым бокам у паперках было пазначана Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, горад Нью-Йорк, якое я падмануў на 2 тысячы з нечым беларускіх рублёў. Быццам, мы аказвалі прававую дапамогу людзям, якія, з пункту гледжання СК, удзельнічалі ў беспарадках.

«Адміністрацыя СІЗА давала нам паперкі з клеем, каб мы лавілі пацукоў»

У мяне раней былі адміністратыўныя арышты, у тым ліку за ўдзел у Плошчы ў 2006 годзе, у кастрычніку 2020 года таксама сядзеў 15 сутак. А вось такі працяглы тэрмін у СІЗА быў першы раз у жыцці. Умовы ўтрымання — гэта катаванні, адтэрмінаванае забойства людзей. Па іншаму не магу назваць. Я сядзеў у камеры 63 у так званым Шанхаі. Шанхай — гэта камеры ў падвале ніжэй зямлі. Мая камера была разлічана на 24 чалавекі, з трох'яруснымі нарамі, па нашых падліках — 0,3 м2 на асобу. Яна была транзітнай.

Па сценах увесь час льецца вада, дзённае святло адсутнічае, бо вокны забіты наглуха, шкла няма. Таму зімой увесь час скразнякі, а летам невыносная гарачыня. Калі зімой можна трываць — проста адзецца цяплей, то летам тэмпература ў камеры пад 40, людзі страчвалі прытомнасць, скура пакрывалася экзэмамі, бо ўвесь час пацееш, а памыцца выводзяць раз на тыдзень на 15 хвілінаў. Я пісаў у лістах дадому, што мяне тут забіваюць, бо быў упэўнены, што сэрца не вытрымае.

У камеры былі пацукі, мышы, прусакі. Кожную раніцу мы аглядалі свае рэчы, што нам папсавалі пацукі, што яны пагрызлі. Адміністрацыя выдавала паперкі з клеем, на якія грызуны павінны былі прыліпаць, але пацукі пра тое не ведалі, і мы нікога не злавілі.

Я правёў у гэтай камеры 4 месяцы, і толькі аднойчы ў нас была хімапрацоўка: нас вывелі, камеру апрацавалі хіміяй, потым нас вярнулі і мы павінны былі тое змыць. Але гэта ні на што не паўплывала.

hr2_logo.jpg

«Каб хворых на кавід забралі ў больніцу, камера абʼявіла галадоўку»

Як кажуць дасведчаныя сядзельцы, турма прыходзіць да чалавека пасля. Так і ў мяне асноўныя праблемы пачаліся потым. Гэта былі падскурныя паразіты, якія грызуць цябе ў розных месцах, і гэта невыносна. Я праходзіў даволі працяглае лячэнне ад гэтай заразы.

У мяне даўно праблемы са спінай. І там яны пагоршыліся, бо па правілах ты не можаш прылегчы цягам дня, з 6 ранку да 22 гадзін павінен знаходзіцца ў вертыкальным стане. Лекі ад болю ў спіне мне не давалі.


У нашай камеры некалькі чалавек захварэлі на каронавірус. Іх не перавялі ў больніцу, а проста зачынілі нашу камеру на карантын. То бок нас пазбавілі прагулак, мы былі зачыненая на 20 дзён. Хворыя былі ў вельмі цяжкім стане, у аднаго пачалася сутарга. Перад гэтым я і яшчэ некалькі чалавек абвесцілі галадоўку, каб яго забралі ў больніцу, але тое праігнаравалі. Мы бачылі, што чалавек ужо даходзіць. Тады я і яшчэ адзін чалавек схапілі бак і пачалі барабаніць у дзверы: чалавек памірае! Тады людзей забралі ў больніцу, а мяне з таварышам перавялі ў іншую камеру, бо «ты не правильно себя повел».

«Мне прамылі вушы толькі калі я перастаў адказваць на пытанні кіраўніцтва»

Так я трапіў у корпус «Женский псих». Раней тут утрымліваліся жанчыны з праблемамі з псіхічным здароўем. Камера была на 14 чалавек, там я правеў 2 месяцы і канчаткова страціў слых. У мяне і раней былі праблемы, бо некаторы час працаваў на шумным прадпрыемстве, а тут слых знік зусім. Я ўвесь час пісаў лісты ў медчастку, каб мне прамылі вушы, але ніякай рэакцыі не было.

Скончылася тым, што я проста перастаў адказваць на пытанні начальства, якое прыходзіла раніцай на праверку. Быў нейкі агляд з Дэпартаменту выканання пакаранняў, і яны сказалі адміністрацыі, каб мяне адвялі да доктара. Той доктар узяў шпрыц і проста вадой з-пад крана прамыў мне вушы, а потым выдаў 20 мл перакасу вадароду, каб закапваць. Вось такая там была медыцына.

«Следчага за паўгода я бачыў адзін раз»

Адносіны са следчымі ў мяне былі напружаныя. Дакладней, іх амаль не было. Праз некалькі дзён пасля затрымання ў СІЗА мяне выклікалі на паверх, дзе следчыя сустракаюцца з падследнымі. Там сядзеў мужчына, які не прадставіўся, але шчыра мне пасміхаўся, і цёпла, па-сяброўску казаў: «Ну што, Алег, пэўна, дамоў паедзем сёння, расказвай усё хутка — і дамоў».

Алег Граблеўскі пасля вызвалення

Алег Граблеўскі пасля вызвалення

Калі ён пабачыў, што размовы ў нас не атрымліваецца, ён сказаў, што ў суседняй камеры сядзіць мой сын з мяшком на галаве, і прапанаваў мне ўсё ж такі падзяліцца інфармацыяй. Калі я тое пачуў, проста падняўся і стаў барабаніць у дзверы, што я хачу «да хаты» — у камеру. Мне не задавалі пытанні, вызвалі канвойнага і адвялі ў камеру. Пра сына была лухта, яго там не было, але тады я думаў, што тое праўда. Хай даруе мне жонка, не ведаю, як яна выносіць мяне, але я ніколі б не дазволіў выкарыстоўваць сям’ю як нейкі ціск. Гэта пытанне выбару, які даўно зроблены.

Я ў праваабароне больш за 20 год і ведаю, што «добровольное признание облегчает работу следователей и удлиняет срок». Лепш адмаўляцца ад размоў у такіх сітуацыях. Гэта вельмі складана, не ўсё могуць трымацца такіх паводзінаў, навучыць гэтаму на семінарах немагчыма. Але сітуацыя не была для мяне незвычайнай. Я так ім і казаў: «Калі вы нешта прыдумалі, каб нас пасадзіць, чаму я павінны спрошчваць вашу працу? Я не збіраюся ўдзельнічаць у гэтым».

Потым мяне ўжо ніхто нікуды не выклікаў. Яны зразумелі, што я не іду на дыялог. Адзіны раз мяне вадзілі да начальніка аператыўнай часткі СІЗА, які сказаў, што да мяне прыехаў прадстаўнік Генпракуратуры і пытаецца, ці згодны я паразмаўляць. Я адмовіўся. Следчага я пабачыў толькі калі вырашалася пытанне пра змену меры ўтрымання.

Мікалай Бандарэнка з дачкой і Алегам Граблеўскім

Мікалай Бандарэнка з дачкой і Алегам Граблеўскім

«Праз нас Лукашэнка ціснуў на ААН»

На сённяшні дзень я не ведаю свой працэсуальны статус, ці ў вышуку я, ці не, што адбываецца па справе. Чаму нас тады выпусцілі пад паручальніцтва, мне невядома, я магу выказаць толькі нейкія гіпотэзы. Мая версія: напэўна, была нейкая дамоўленасць улады з ААН. Відаць, улада вырашыла нас выпусціць, каб неяк ачалавечыць свой твар. Я ў гэтым пераканаўся, бо ў інтэрв’ю журналісту ВВС Лукашэнка ўзгадаў пра Офіс па правах людзей з інваліднасцю, і тое было выразана для гледачоў у Беларусі. 

Быў міжнародны скандал, бо наш урад абвінавачваў ААН у фінансаванні пратэстаў. А мы былі тыя людзі, праз якіх Лукашэнка ціснуў на гэтую структуру. Ужо пазней я даведаўся, што шматлікія праваабарончыя арганізацыі, СМІ, ААН выступілі ў нашу абарону. Таксама даведаўся, што мы з Сяргеем сталі першымі беларусамі, якія атрымалі праваабарончую прэмію Front Line Defenders. Я дакладна ведаю, што іншыя людзі, што праходзяць разам з намі па справе, таксама пакінулі тэрыторыю Беларусі.

Былы кліент амаль без зроку хадзіў па Германіі з маім фота і заклікаў вызваліць

Мяне выпусцілі з СІЗА ў жніўні 2021 года, і я з’ехаў з Беларусі. Мы атрымалі інфармацыю, што можа быць яшчэ адна крымінальная справа па абвінавачванні Офісу ў экстрэмісткай дзейнасці. Таму я прыняў рашэнне, што для арганізацыі і мяне будзе лепш пакінуць краіну. Спачатку я жыў ва Украіне, а потым з’ехаў у Германію, якая дала мне міжнародную абарону. Зараз тут мая жонка і тры сыны. Як я пакінуў Беларусь, расказаць не магу, бо гэта не толькі мая адказнасць.


У Германіі велізарную дапамогу нам аказала арганізацыя «Разам» і беларусы Германіі, адзін з якіх — мой былы кліент Мікалай Бандарэнка. Ён меў першую групу інваліднасці па зроку, якую потым у яго адабралі. Ён быў кліентам Офісу спачатку па пытаннях інваліднасці, а пасля выбараў 2020 года мы дапамагалі яму, бо пасадзілі ягоную жонку і стала пытанне адабрання дачкі ў сувязі з ягоным удзелам у пратэстах. Таму ён з сям’ёй быў вымушаны з’ехаць з краіны. І гэты чалавек арганізаваў у Германіі грамадскую падтрымку, хадзіў з плакатам з маёй фатаграфіяй, звязваўся з прадстаўнікамі «Разам». Дзякуючы яму я тут.

Увогуле падтрымка была неверагодная. Як толькі мы прыляцелі ў Нямеччыну, беларусы нас сустрэлі, давезлі, размясцілі, дапамаглі з мэбляй, і апекваюцца намі дагэтуль. Аказваюць фінансавую, юрыдычную, псіхалагічную дапамогу, што вельмі патрэбна для такіх уцекачоў, якія нікуды не планавалі ўязджаць. І зараз я таксама тым займаюся. Гэта наша галоўная задача цяпер — падтрымліваць адзін аднаго і беларушчыну.

hrableuski_2_21.11.22_logo.jpg

Германія дапамагае з арэндай жылля і выплачвае фіндапамогу

Мае штодзённае жыццё складаецца з пэўных абавязкаў: быць на ўліку ў шматлікіх дзяржустановах і вывучаць нямецкую мову. Спачатку мы з сям’ёй знаходзіліся ў цэнтры для ўцекачоў, пакуль адбывалася першасная сацыялізацыя і рэгістрацыя. Зараз горад даў нам магчымасць зняць кватэру, дзяржава кампенсуе ўласнікам жылля арэндную плату. Малодшы сын ходзіць у школу, я — таксама, пішу нямецкія літаркі, як у першым класе.

Дзяржава выплачвае нам фінансавую дапамогу — пры ўмове, што мы вучым нямецкую мову, то бок мы атрымліваем грошы за то, што вучымся. Фіндапамога складае каля 400 еўра на асобу, тых грошай хапае, каб не думаць пра ежу і вопратку.

fota_hrableuski_21.11.22_logo.jpg

Мы працягваем працаваць

Офіс па правах людзей з інваліднасцю працягвае сваю працу ў фармаце, які дазваляе сітуацыя. Наш статус падследных нікуды не дзеўся, трэба захоўваць пэўныя меры бяспекі, каб не нарабіць шкоды. Я кожны дзень займаюся дапамогай людзям, у тым ліку ў Беларусі па пытаннях інваліднасці, аховы здароўя ў турмах.

У Брэмэне з беларусамі Германіі мы стварылі суполку нацыянальнага вызвольнага руху «Вольная Беларусь».

З маёй дапамогай з Украіны ў Германіі былі перавезеныя некалькі ўкраінцаў і беларусаў. А вось беларусаў з Беларусі перавезці пакуль не ўдалося. Не хочуць. Я шмат каму кажу: вам трэба з'язджаць і быць у бяспецы, дзеля дзяцей, здароўя, але людзі адмаўляюцца, яны перакананыя, што трэба заставацца і рабіць, што магчыма. Усе мае знаёмыя там, і я імі ганаруся.


Дарэчы, з крыніц інфармацыі ў СІЗА ў нас былі каталіцкі і праваслаўны часопісы і газета «Новы час». «НЧ» быў самы папулярны, газета захоўвалася, перачытвалася новымі сядзельцамі, і мы мелі магчымасць уяўляць, што адбываецца насамрэч. Я напісаў два лісты рэдактару са словамі падзякі, якія, напэўна, не дайшлі. Таму дзякую зараз.

Фота з архіва Алега Граблеўскага