«Затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН». Што чуваць пра справу «Офіса па правах людзей з інваліднасцю»?
Больш за два месяцы таму пасля ператрусаў былі затрыманыя прадстаўнікі Асветніцкай праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» — дырэктар Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі. Перад гэтым Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў сябе на сайце паведаміў, што праводзіцца праверка ў дачыненні да службовых асоб установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» па пытаннях «магчымага неправамернага завалодання грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі грамадзянам з інваліднасцю», піша «Вясна».
«Офіс» на працягу
дзесяці гадоў аказваў бязвыплатную прававую дапамогу, адвакатаваў змены заканадаўства,
праводзіў асветніцкія мерапрыемствы па змене стаўлення да людзей з
інваліднасцю.
Па абвінавачанні ў махлярстве (арт. 209 Крымінальнага кодэкса) праваабаронцу Сяргея, у якога першая група інваліднасці і ён перасоўваецца на інвалідным вазку, пасадзілі пад хатні арышт без права камунікацыі, а Алега змясцілі ў СІЗА №1 на Валадарскага. Нядаўна следчыя працягнулі ім меры стрымання яшчэ на два месяцы.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала лідараў «Офіса» палітычнымі зняволенымі. Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка распавяла пра ціск на калег-праваабаронцаў, чаму беларускім уладам у цяперашняй палітычнай сітуацыі нязручны «Офіс» і з чым можа быць звязаны пераслед Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага.
«Гэта адзіны выпадак, калі мы даведаліся аб праверцы ў
сваіх калег не ад саміх калег, а з сайта Камітэта дзяржаўнага
кантролю»
Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга адзначае, што, нягледзячы на тое, што ціск з боку ўлад на прадстаўнікоў «Офіса» быў і раней, цяперашняя форма пераследу праваабаронцаў гэтай арганізацыі выглядае дзіўнай:
— На самой справе прагназаваць, чаму пераслед пачаўся менавіта ў дачыненні да гэтай арганізацыі даволі складана. Апошнім часам мы бачым вельмі шмат фактаў ціску і крымінальнага пераследу ў дачыненні да беларускіх праваабаронцаў — гэта і сябры ПЦ «Вясна», і грамадскага аб'яднання «Звяно», і БАЖ. Але тое, што гэта быў запланаваны пераслед лідараў менавіта «Офіса» зразумець нескладана.
Нават сама праверка пачалася ў іх вельмі дзіўна. На маёй памяці, гэта адзіны
выпадак, калі мы даведаліся аб праверцы ў сваіх калег не ад саміх калег або іх адвакатаў, ці хаця б са СМІ, а з сайта Камітэта дзяржаўнага кантролю. На
гэтым сайце была апублікаваная інфармацыя аб пачатку праверкі ў гэтай
арганізацыі на падставе «падазрэння ў прысваенні грашовых сродкаў, атрыманых "Офісам па правах людзей з інваліднасцю" ў выглядзе дабрачынных
ахвяраванняў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі асобам з
інваліднасцю (арт. 210 Крымінальнага кодэкса). Пры гэтым ціск і затрыманні ў
дачыненні да супрацоўнікаў арганізацыі былі зафіксаваныя і раней у сувязі з
ажыццяўленнем імі дзейнасці па маніторынгу мірных сходаў з удзелам людзей з
інваліднасцю.
«У ДФР іх называлі ашуканцамі і злачынцамі, пагражалі
турэмным зняволеннем, Алега сілком распранулі дагала»
Вольга Смалянка ўзгадвае, як развіваліся падзеі па пераследу «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» і як адбывалася затрыманне
Алега і Сяргея:
— Пасля з'яўлення паведамлення на сайце КДК стала вядома, што 21 студзеня адначасова ў памяшканні «Офіса», а таксама дома ў дырэктара і бухгалтаркі арганізацыі быў праведзены ператрус і канфіскаваная ўся тэхніка ў рамках праверкі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, пазней дырэктар арганізацыі Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі былі дастаўленыя на допыт у ДФР, дзе яны правялі цэлы дзень.
З офіса арганізацыі была канфіскаваная тэхніка і дакументы. 2 лютага Сяргей і Алег былі зноў выкліканыя ў ДФР нібыта для вяртання тэхнікі. Пры гэтым ніякі іншы статус, напрыклад, падазраваных, ім абвешчаны не быў.
У выніку абодва былі падвергнутыя сямігадзіннаму допыту, адвакаты да іх дапушчаныя не былі. У дачыненні да абодвух ужывалася жорсткае і прыніжаючае годнасць абыходжанне: іх называлі ашуканцамі і злачынцамі, пагражалі турэмным зняволеннем, патрабавалі прызнацца ў неідэнтыфікаваных злачынствах, аказвалі псіхалагічны ціск, Алега сілком распранулі дагала, а ў дачыненні да Сяргея сямігадзіннае знаходжанне без руху можна расцэньваць як катаванні — з улікам яго ступені інваліднасці.
Пра ўсе гэтыя факты і Сяргей, і Алег першапачаткова распавялі на сваіх старонках
у Фэйсбуку, а на наступны дзень далі шэраг інтэрв'ю незалежным СМІ. Аднак даць
усе запланаваныя інтэрв'ю яны не змаглі: з імі проста знікла сувязь.
Інфармацыю аб іх затрыманні мы змаглі знайсці толькі праз гадзін пяць 3 лютага — увесь гэты час ні калегі, ні сваякі не ведалі ні дзе яны, ні што з імі.
Бліжэй да вечара аказалася, што знаходзіліся яны ўжо ў Следчым камітэце.
«Атрымаць хоць нейкую інфармацыю аб прад'яўленым ім
абвінавачанні, іх фізічным стане вельмі складана»
Паводле інфармацыі дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), Сяргею Драздоўскаму і Алегу Граблеўскаму выстаўленае абвінавачанне па арт. 209 Крымінальнага кодэкса — «Махлярства». Алега ўжо трэці месяц утрымліваюць у СІЗА №1 на Валадарскага, а Сяргея — пад хатнім арыштам без права камунікацыі.
Нядаўна стала вядома, што такая мера стрымання падоўжаная ім яшчэ на два месяцы. Вольга адзначае, што даведацца аб ходзе справы «Офіса» і стане праваабаронцаў практычна немагчыма:
— Атрымаць хоць нейкую інфармацыю аб прад'яўленым ім абвінавачанні, падаўжэнні меры стрымання, іх фізічным стане вельмі складана. У першую чаргу, у сувязі з тым, што іх адвакаты знаходзяцца на падпісцы аб невыдаванні, да чаго яны ставяцца вельмі сур'ёзна. Хоць, вядома, знаходжанне адвакатаў на такой падпісцы — гэта парушэнне права на атрыманне прававой дапамогі.
Адвакаты заўсёды з'яўляліся, у тым ліку, крыніцай інфармацыі аб
становішчы затрыманага. Цяпер ні ў сваякоў, ні ў сяброў, ні ў калег, у сувязі з
гэтымі падпіскамі такога доступу да інфармацыі няма. У выніку немагчымасць
спачатку знайсці інфармацыю пра тое, дзе знаходзяцца твае блізкія, а затым
— немагчымасць атрымаць інфармацыю, у якім яны стане, па якім артыкуле затрыманыя — гэта вялікі псіхалагічны ціск на сваякоў, сяброў.
«Некалькі супрацоўнікаў ААН таксама былі затрыманыя і
дапытаныя»
Як адзначае Вольга Смалянка, прадстаўнікі беларускіх арганізацый, грамадзянскай супольнасці, міжнародных праваабарончых арганізацый і спецыяльных працэдур ААН звязваюць затрыманне супрацоўнікаў «Офіса» выключна з іх прафесійнай дзейнасцю па абароне правоў чалавека — у прыватнасці, аказанні бязвыплатнай прававой дапамогі людзям з інваліднасцю.
— Унікальнасць іх сітуацыі складаецца яшчэ ў тым, што, фактычна, яны былі затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН. Наколькі нам вядома, у рамках гэтай справы некалькі супрацоўнікаў ААН таксама былі затрыманыя і дапытаныя. Як напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Драздоўскі, падставай для іх пераследу стала «па сутнасці, рэкамендацыя некалькім пацярпелым з інваліднасцю і без звярнуцца па дапамогу да адвакатаў».
Пры гэтым такая дзейнасць ажыццяўлялася «Офісам» у межах сумеснай ініцыятывы з ААН у Беларусі па аказанні
дапамогі людзям з інваліднасцю і іншым уразлівым групам насельніцтва. Важна
адзначыць, што ні Алег, ні Сяргей ніякіх сродкаў ад ААН на адвакацкія паслугі
не атрымлівалі. Паўстае заканамернае пытанне: адкуль тады тут махлярства або
прысваенне грашовых сродкаў? Адказ на які, па-мойму, відавочны.
«Офіс па правах людзей з інваліднасцю» з 2010 года
займаецца сістэмнымі зменамі сітуацыі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю праз
маніторынгі, асветніцкія і адвакацыйныя кампаніі ў Беларусі і на міжнародным
узроўні. На базе арганізацыі працуе грамадская прыёмная. Людзі з інваліднасцю,
члены іх сем'яў, іншыя грамадзяне, якія сутыкнуліся з пытаннямі інваліднасці, рэгулярна звярталіся ў яе за прававымі кансультацыямі. Як распавядае дырэктарка
Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), цяпер праца прыёмнай фактычна
паралізаваная і ў краіне вельмі востра адчуваецца недахоп такой прававой
дапамогі.
— У цэнтры дзейнасці «Офіса» знаходзіцца
чалавек з інваліднасцю, але менавіта як чалавек, які мае правы чалавека, а не
проста чалавек, які мае патрэбу ў патранажнай дапамозе, спажывец сацыяльных
паслуг. За час сваёй дзейнасці «Офіс» зрабіў вельмі шмат для змены
падыходу да правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Дзякуючы дзейнасці гэтай
арганізацыі, наша краіна далучылася да Канвенцыі па правах інвалідаў. А
кіраўнік гэтай арганізацыі Сяргей Драздоўскі не раз удзельнічаў у абмеркаванні
праектаў нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні становішча людзей з
інваліднасцю з дзяржаўнымі органамі, дэпутатамі, рэалізацыі дзяржаўных праграм,
якія закранаюць інтарэсы гэтай уразлівай групы.