Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 21 лістапада

Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.

img_2188_3_logo.jpg


12 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачнецца разгляд першай завочнай справы: беларуская «феміда» збіраецца дыстанцыйна судзіць адміністратараў ТГ-канала «Чорная кніга Беларусі» і звязаных з ім людзей: Яніну Сазановіч, Данііла Багдановіча, Вольгу Высоцкую, Валерыю Занямонскую і Дзмітрыя Навошу. Абвінавачваных просяць з'явіцца а 10-й гадзіне раніцы ў суд з дакументам, які сведчыць асобу.
Супраць старшыні незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгі Брыцікавайузбуджана крымінальная справа, паведамляюць праваабаронцы. Сутнасць абвінавачання пакуль невядомая, але Вольгу ўжо перавялі ў віцебскі СІЗА.
15 сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў каталіцкі святар Віталь Чабатар. Ён быў затрыманы 17 лістапада.
Зноў затрыманы былі палітвязень Ілля Міронаў — найбольш верагодна, па адміністрацыйным правапарушэнні. Суд над ім пройдзе заўтра.
Палітычны зняволены Андрэй Паднябенны, асуджаны да 15 гадоў зняволення за «пашкоджанне чужой маёмасці», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» і «акт тэрарызму», стаў фігурантам новай справы. Гэтым разам яму інкрымінуюцца «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «абраза Лукашэнкі», «абраза прадстаўніка ўлады» і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».
Сёння ў свеце адзначаецца Дзень дзіцяці. Беларускі рэжым пераследуе і непаўнагадовых. Рэпрэсіі зазналі Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Давід Збаранскі, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Віталь Прохараў, Павел Піскун. Але гэта не поўны спіс рэпрэсаваных дзяцей. 
Праваабаронцы «Вясны» прызнаюць палітвязнямі 1451 чалавека. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае ў Беларусі 1717 палітычных зняволеных, сярод іх — 208 жанчын і 7 непаўнагадовых, 14 чалавек былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.