Супраць Вольгі Брыцікавай заведзена крымінальная справа?
Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА, пра гэта стала вядома праваабаронцам. Верагодна, супраць кіраўніцы незалежнага прафсаюза распачалі крымінальную справу.
![75_1.jpg 75_1.jpg](/img/v1/images/75_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стала вядома, што старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА-2. Хутчэй за ўсё, супраць яе заведзена крымінальная справа, але дакладных звестак пра гэта ў праваабаронцаў пакуль няма.
Як пісаў «НЧ», 1 лістапада да Вольгі Брыцікавай прыйшлі сілавікі. Яе затрымалі па адміністрацыйным артыкуле.
3 лістапада ў судзе Наваполацка ёй прызначылі 15 сутак арышту за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
11 лістапада над Вольгай адбыўся і другі суд. Яе судзілі за «несанкцыянаванае пікетаванне». Падставай для пратакола стаў малюнак «Не вайне» на яе старонцы ў фэйсбуку, за які яна адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але суддзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе на 15 сутак арышту.
![Вольга Брыцікава — пра свае 75 сутак Вольга Брыцікава: «Я выступала супраць вайны, што ў гэтым дрэннага?!»](/img/v1/images/volga_brycikava.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
З 8 лістапада Вольга Брыцікава аб'явіла галадоўку. Прычынай стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.
Пакуль не вядома, ці працягвае Вольга галадоўку.