Затрымалі Вольгу Брыцікаву
Сёння, 1 лістапада, да старшыні незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгі Брыцікавай зноў прыйшлі сілавікі.
Старшыню прафсаюза «Нафтан» затрымалі па адміністрацыйным артыкуле, паведамілі праваабаронцы. Пакуль Вольга Брыцікава знаходзіцца ў Наваполацкім аддзяленні ўнутраных спраў. На якой падставе яна затрыманая, не вядома.
Нагадаем, Вольгу Брыцікаву ўжо затрымлівалі сілавікі. Тады, 27 лютага, на выбарчым участку яна фатаграфавала бюлетэнь. На волю кіраўніца прафсаюза выйшла толькі пасля 75 сутак за
кратамі. На яе пяць разоў запар складалі пратакол і судзілі за пратэсты супраць вайны ва Украіне.
Пазней Вольга распавяла журналістам: «Не ўяўляла, што за надпіс на куртцы "Не вайне" давядзецца правесці ў ізалятары аж 75 сутак! Усё-такі верыла, што людзі будуць прытрымлівацца нейкіх нормаў законнасці. Але аказалася, што ўсё даведзена да абсурду...
Першыя тры пратаколы на мяне склалі на працягу тыдня — 27 лютага, 3 і 7 сакавіка, а да 10 сакавіка ўжо прайшлі тры суды, і стала зразумела, што як мінімум 45 сутак мне гарантаваны.
Самы складаны ў псіхалагічным плане быў момант, калі склалі чацвёрты пратакол, які з’явіўся за гадзіну да таго, як мне трэба было выходзіць на волю. Ты чакаеш гэтага, рыхтуешся — і тут: атрымайце новыя "суткі"!».