Кіраўніцу незалежнага прафсаюза «Нафтан» арыштавалі на 15 сутак

Вольгу Брыцікаву арыштавалі на 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

brycikava_2.jpg

Сёння, 3 лістапада, у судзе Наваполацка асудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву. Яе абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Справу разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. Яна прызнала Вольгу Брыцікаву вінаватай і асудзіла яе да 15 сутак арышту, паведамляюць праваабаронцы.

Нагадаем, 1 лістапада стала вядома, што да старшыні незалежнага прафсаюза «Нафтан» зноў прыйшлі сілавікі, яны зладзілі ператрус і арыштавалі Вольгу.


Нагадаем, Вольгу Брыцікаву ўжо затрымлівалі сілавікі. 27 лютага на выбарчым участку яна фатаграфавала бюлетэнь. Тады суд арыштоўваў яе на 15 сутак пяць разоў. Апошні пратакол быў складзены па артыкуле аб парушэнні парадку або правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 24.23 КаАП) — за пратэсты супраць вайны ва Украіне. Тады на волю кіраўніца прафсаюза выйшла толькі пасля 75 сутак за кратамі.

Вольга Брыцікава — старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан». У жніўні 2020 года яна публічна выказала патрабаванні супрацоўнікаў Нафтана, а ў першыя дні вайны запісала відэазварот, у якім выказалася супраць нападу Расіі на Украіну.