Іран, хоць і пастаўляе Расіі дроны, але анексію ўкраінскіх абласцей не прызнае

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Ірана Насер Канаані ў панядзелак заявіў, што Тэгеран выступае за захаванне прынцыпу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ў кантэксце ўварвання Расіі ва Украіну.

89b3e7f_iran2.jpg

Канаані, калі адказваў на пытанне аб пазіцыі Ірана адносна анексіі чатырох украінскіх абласцей Расіяй, сказаў, што Тэгеран «падкрэслівае неабходнасць поўнай павагі да прынцыпу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх дзяржаў як да асноватворнай нормы міжнароднага права і павага прынцыпаў і мэтаў Статута ААН». Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на іранскае дзяржаўнае інфармагенцтва IRNA.

Таксама афіцыйны прадстаўнік іранскага МЗС падтрымаў «любыя намаганні па мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне» і заклікаў «пазбягаць любых правакацыйных дзеянняў, якія маглі б парушыць ход міру, стабільнасці і спакою».

Ва ўкраінска-расійскай вайне Іран, як лічыцца, знаходзіцца на баку Расіі і аказвае ёй палітычную і ваенную падтрымку.

У жніўні стала вядома, што Расія атрымала ад Ірана «сотні» беспілотнікаў, якія могуць быць выкарыстаныя падчас яе поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну — нягледзячы на заклікі Вашынгтона да Тэгерана не рабіць гэтага.

Пасля гэтага ўкраінскія вайскоўцы не раз збівалі Іранскія беспілотнікі, якія ажыццяўляюць атакі на паўднёвыя гарады.

23 верасня ўкраінскі бок прыняў рашэнне пазбавіць пасла Ірана ў Украіне акрэдытацыі, а таксама істотна скараціць колькасць дыпламатычнага персаналу іранскага пасольства ў сувязі з пастаўкамі Расіі ўдарных беспілотнікаў.

Прадстаўнік МЗС Ірана Насер Канаані заявіў, што Тэгеран прапарцыйна адкажа на рашэнне ўкраінскага боку.