У Расіі хочуць нацыяналізоўваць маёмасць «збеглых»

У Дзярждуме РФ задумаліся аб нацыяналізацыі аўтамабіляў людзей, якія з'ехалі з Расіі.

Мяжа з Грузіяй. Фота www.mk.ru

Мяжа з Грузіяй. Фота www.mk.ru

Затор на мяжы Расіі і Грузіі ўжо некалькі дзён як рассмактаўся. Гэта здарылася пасля таго, як аслабеў паток мужчын, што ратаваліся ад мабілізацыі. Аднак у Дзярждуме РФ па-ранейшаму думаюць пра канфіскацыю аўтамабіляў людзей, якія пакінулі краіну. Прычым ужо не толькі аўтамабіляў, што былі пакінуты на мяжы, піша ВВС.

Першаму такая ідэя прыйшла ў галаву спікеру ніжняй палаты парламента Вячаславу Валодзіну.

Цяпер пра гэта кажа дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расіі» Алег Марозаў, але па-іншаму:

«Трэба тэрмінова ўносіць у закон змены, якія дазваляюць прымаць рашэнні пра перадачу ў дзяржаўную ўласнасць транспартных сродкаў, не запатрабаваных на працягу, напрыклад, месяца, пасля перасячэння ўладальнікам мяжы», — сказаў Марозаў РІА «Навіны».

«Можна таксама пазначыць, што ўласнік кінутага транспарту павінен асабіста прад'явіць на яго свае правы. Гэта якраз і дазволіць адбіраць кінутыя транспартныя сродкі», — дадаў расійскі дэпутат.

Валодзін казаў пра сітуацыю, калі людзі, што ўцякалі з краіны, пакідалі машыны на ўзбочыне, каб пешшу або на ровары хутчэй перасекчы мяжу.

«Цяпер ужо машыны кідаюць. Таксама трэба, дарэчы, падумаць, каму гэтыя машыны аддаць. Можа, сем'ям тых хлопцаў, якія паехалі ваяваць? Гэта будзе правільна», — разважаў Валодзін.

Але яго аднапартыец лічыць, што аўтамабілі людзей, якія з'ехалі з краіны, трэба аддаць дзяржаве, а не сем'ям тых, хто ваяваў ва Украіне. Гэта значыць, гаворка ідзе фактычна аб нацыяналізацыі.

Напярэдадні рэгіянальныя расійскія СМІ паведамлялі, што эвакуіруюцца аўтамабілі, пакінутыя на мяжы з Грузіяй. І нібыта эвакуіравана ўжо каля 80 машын. Вялікія аўтамабільныя заторы былі і на мяжы з Казахстанам і Фінляндыяй.