Расійцы ўцякаюць ад пуцінскай мабілізацыі нават на Аляску. Як яны гэта робяць?

На Алясцы (ЗША) затрымалі двух мужчын з Расіі, якія праплылі больш за 400 км на невялікай лодцы з пасёлка Эгвекінот на Чукотцы да выспы Святога Лаўрэнція, паведамляе Alaska News Service.

4 кастрычніка яны высадзіліся каля пасёлка Гамбел. «Гэтыя два чалавекі, якія прыбылі з Расіі на лодцы і былі затрыманыя ў Гамбеле, наколькі я разумею, зараз знаходзяцца ў сталіцы штата Анкарыджы, і імі займаюцца федэральныя ўлады. Мы не чакаем пастаяннага патоку людзей з [Расіі] або флатыліі лодак.... Гэта можа быць адзінкавым выпадкам», — заявіў губернатар штата Майк Данліві.

У размове з мясцовымі жыхарамі мужчыны патлумачылі, што «бягуць ад расійскай арміі», піша выданне. У сітуацыі разбіраецца Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША.

Раней паведамлялася, што Расію з пачатку мабілізацыі пакінулі ад 700 тысяч да мільёна чалавек.

Кіраўнік МУС Казахстана распавёў, што з пачатку мабілізацыі ў Расіі ў Казахстан заехалі каля 200 тысяч расійцаў. У МУС Грузіі паведамілі, што з 17 да 29 верасня ў краіну заехалі амаль 94 тысячы грамадзян РФ. Акрамя таго, пагранічнае агенцтва Еўрасаюза Frontex падлічыла, што за апошні тыдзень у ЕС ўехала 66 тысяч расійцаў, што прыкладна на 30% больш, чым тыднем раней.

Паводле novayagazeta.eu.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: