«Расія дзіўна і паслядоўна ператварае ўсе свае перавагі ў слабыя месцы»

Аналітык і заснавальнік «Моцных навін» Пётр Кузняцоў нагадвае, што хутка ўжо два тыдні, як у Расіі абвешчана мабілізацыя, і тыдзень, як стартаваў працэс анексіі ўкраінскіх тэрыторый. Аднак нічога, апроч хаосу, гэтыя крокі Расіі не далі. І карціна, якая складваецца, гэта карціна немінучага паражэння.

2731887.jpg


Бегла паглядзець на чараду падзей дастаткова, каб даць таму, што адбываецца, адно-адзінае вызначэнне — хаос.

Цяпер ніхто, уключаючы Пяскова, не можа дакладна сказаць, дзе знаходзіцца мяжа Расіі. Нармальныя людзі, у прынцыпе, могуць: там жа, дзе яна знаходзілася ў перыяд з 1991 па 2014 гады. А вось Пяскоў — не можа.

Раптам высветлілася, што мабілізацыю мала аб'явіць, яе трэба яшчэ здолець правесці. Гэта значыць, як мінімум, трэба, каб людзі ад яе масава не беглі, а тых, хто не бяжыць, недзе размяшчаць, чымсьці карміць, у штосьці апранаць, нарэшце ўзбройваць, у ідэале, вядома, трэба было б яшчэ хоць трохі падрыхтаваць, але тут не зусім да ідэалу. З'явіліся сур'ёзныя сумневы, што Расіі ў яе цяперашнім выглядзе і стане наогул па сілах падрыхтаваць рэальна вялікую армію. Войска, а не натоўп.

Усе месяцы ваеннага канфлікту расійская прапаганда паўтарае, што, маўляў, гэта за Украіну ваююць нейкія там «фарміраванні». Але ўсе ўжо даўно зразумелі: калі прапаганда ківае на нешта ў апанента, то па факце на гэта будзе хворы менавіта іх бок. Ні разу не навіна, што супраць УСУ (з якімі падпісваюць паўнавартасныя кантракты нават дабрабаты) ваююць не толькі рэгулярныя расійскія вайсковыя часткі, але і ўсякія ПВК, «народныя міліцыі» і гэтак далей, і да таго падобнае. І вось цяпер гэтыя разнамасныя сілы, дакладней іх лідары, падалі і цалкам палітычны голас — я маю на ўвазе незакамуфляваны «наезд» Кадырава і Прыгожына на стаўленіка Пуціна генерала Лапіна.

Цяпер уявіце, калі супярэчнасці і грызня фарміраванняў і УС выплюхнулася на такі ўзровень, што адбываецца на месцах і на перадавой сярод самых звычайных байцоў?

Тое, які хаос, разлад і дэзарганізацыя існуюць з расійскага боку на фронце, нам лепш за ўсе паказваюць сваімі поспехамі УСУ. Тут, як гаворыцца, каментары залішнія. Тое, на што войскі Масквы трацілі месяцы, велізарную колькасць жыццяў байцоў і не меншыя запасы артылерыйскіх снарадаў, адваёўваецца за лічаныя дні.

Украіна падала заяўку ў NATO. Стрыманую рэакцыю Столтэнберга, ЗША і іншых заходніх краін многія ўспрынялі як «здраду», што на практыцы зусім не так. Гэтая рэакцыя была лепшай з усіх магчымых. А як трэба было? Парваць на сабе кашулю і сказаць: «Заўтра Украіна з намі і 5-ты артыкул»? Расія толькі гэтага і чакала: літаральна імгненна ўсе набытыя СМІ і лабісты, уся левізна Еўропы хорам заспявалі б песню пра тое, як Захад (і толькі Захад) ставіць свет на мяжу ядзернай катастрофы, і саюзныя Кіеву заходнія ўрады сутыкнуліся б з такім ціскам, якому цяжка было б супрацьстаяць.

Замест гэтага мы ўбачылі цвёрдую і непахісную пазіцыю — падтрымка будзе працягвацца.

Усё гэта ў пазле — карціна немінучага паражэння. РФ дзіўна паслядоўна ператварае ўсе свае перавагі ў слабыя месцы. Дзесяцігоддзі энергетычных звышпрыбыткаў (перавага) сышлі ў палацы і яхты, а армія аказалася толькі для парадаў. Аднак гэтага войска баяўся ўвесь свет (перавага) і ахвотна скакаў пад дудку Пуціна — не, трэба было ўлезці ў актыўную вайну і абнуліць і гэты фактар. Наяўнасць вялікіх людскіх рэсурсаў (перавага), выкарыстанне іх праз мабілізацыю ў тым выглядзе, у якім назіраем — выключна ўтылізацыя. Энергетычная залежнасць Еўропы ад Крамля (яшчэ адна перавага) стала прадметам шантажу, у выніку чаго ўжо да наступнага сезона гэтак жа сыдзе ў адмоўныя значэнні.

Апошнім рэальным козырам Масквы застаецца ядзерны патэнцыял. Дакладней, як і з войскам, якое да 2022-га ўсе баяліся, уяўленне свету пра тое, што гэта — страшна. Аднак мы бачым, што NATO (так, у тым ліку ў той самай рэакцыі на заяўку на ўступленне ад Украіны) спакойна, стрымана, але і як ніколі цвёрда кажа: вы можаце пагражаць чым заўгодна, а мы працягваем лінію па падтрымцы Кіева да безумоўнай перамогі.

Вельмі падобна на тое, што там ведаюць нешта, чаго не ведаем мы. І апошні козыр гэтак жа мае ўсе шанцы быць бітым…