Баяцца не час. Чаму мабілізацыі насамрэч не будзе

Беларусь перапалохалася. Вось-вось Лукашэнка ўслед за Пуціным абвесціць мабілізацыю, і пачнуць мужчын цягнуць у ваенкаматы, як у Якуціі, Варонежы ці Дагестане. Спакойна: нічога гэтага ў нас не будзе. Прынамсі, у бліжэйшы час. На тое ёсць некалькі прычын.

36259.jpg


Мы цудоўна ведаем, чаму не хоча ваяваць асабіста Лукашэнка. Ахвяраваць сваімі вайскоўцамі-сілавікамі — няўдзячна пасля 2020-га, калі яны дапамаглі яму ўтрымаць уладу. Мабілізаваць мірных жыхароў — небяспечна, бо як можна ўзбройваць насельніцтва, якое цябе не падтрымлівае дый наогул не хоча ні на каго нападаць. Канчаткова зліцца ў альянсе з Пуціным — недальнабачна на фоне вядомых надзей на дыялог з Захадам і пад пагрозай новых санкцый.
Карацей, Лукашэнка гэтага не хоча, таму што пры любым фармаце далейшага саўдзелу трываласць яго ўлады відавочна пахіснецца.
Але чаму на гэтым не настойвае Пуцін? У яго ж пад рукой усе рычагі, у тым ліку эканамічныя. Ён можа лёгка прымусіць цалкам залежнага ад яго саюзніка хоць ісці ваяваць, хоць танчыць «Полюшка-поле» на пляжы ў Сочы. Аднак не робіць. Вось у гэтым зараз і паспрабуем разабрацца.

Калі раптам што, то спачатку варта чакаць войскі

Мы не ведаем, аб чым ішла размова на нядаўняй сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам, але адным з вынікаў стала чарговая заява апошняга: «У Беларусі мабілізацыі не будзе». Пры гэтым ён упершыню прамым тэкстам прызнаў удзел Беларусі ў вайне.
Самае цікавае, што гэтым разам Лукашэнку варта паверыць. Бо калі Крэмль сапраўды цісне на яго, патрабуючы большай актыўнасці ў «спецаперацыі», то гаворка яўна ідзе не пра слесараў і кіроўцаў аўтобусаў, якім тэрмінова трэба даць па аўтамаце Калашнікава і адправіць пад украінскія «Хімарсы».
Гаворка пра «А», а не пра «Б». Пра каня, а не воз, які варта ставіць наперадзе. А конь — гэта ўласна рэгулярныя войскі, якія дагэтуль на фронце ніяк не задзейнічаны. Пагадзіцеся, было б дзіўна, каб грамадзянскія пайшлі ваяваць, падперазаўшы жываты, а вайсковыя часткі засталіся маршыраваць на плацах.


Дык вось і першая выснова. Асцерагацца мабілізацыі ў Беларусі варта не раней, чым беларускія дэсантнікі ці нехта яшчэ з умоўных Сіл спецыяльных аперацый адправяцца ў крыжовы паход супраць прыдуманых «укранацыстаў». Пакуль гэтага няма, не трэба абыходзіць свой участковы ваенкамат за тры вуліцы.

У Пуціна хапае «гарматнага мяса»

Эксперты адзначаюць, што прыцягненне беларусаў да вайны стала нашмат менш мэтазгодным для Расіі пасля абвяшчэння Пуціным мабілізацыі. Слушна: нягледзячы на ўсе (не надта шматлікія) пратэсты, на сотні тысяч уцекачоў за мяжу, у расійскае войска набралі дастаткова ваеннаабавязаных амаль з усіх рэгіёнаў. Гаворка ўжо зараз ідзе пра 200 тысяч чалавек, у планах — 300 тысяч, а будзе трэба — прызавуць і мільён.


Што ў кантэксце гэтай статыстыкі можа дадаць Беларусь? Якіх-небудзь 20 тысяч? Што гэта дасць на агульную дыктатарскую карысць? Амаль нічога. А зварухнуць грамадства можна вельмі моцна. Так, беларусы запужаныя. Але запужанымі яны былі і да 24 лютага — а як выйшлі на пратэсты пасля ўварвання РФ ва Украіну?
У Маскве, канешне, разумеюць усё гэта. І, напэўна, адправілі Лукашэнку вычарпальны сігнал: маўляў, не бойся, цяпер тваё паркетнае войска нам дакладна не патрэбна.


Насамрэч: менавіта раней, да мабілізацыі, расійскай захопніцкай стратэгіі добра пасавала б дапамога беларускіх узброеных сіл. Але і тады Крэмль вырашыў не выкручваць рукі свайму адзінаму саюзніку, каб той даў адпаведны загад. Цяпер у гэтым патрэбы няма. Прынамсі, у бліжэйшы час.

Галоўны кірунак цяпер — поўдзень

Днямі па сеціве разышлася інфармацыя, што Расія плануе іншы спосаб пашырэння беларускага складніка ў вайне. Што з падвоенай энергіяй «каланізуе» поўдзень нашай краіны, каб пагражаць Украіне па ўсёй даўжыні мяжы. Нават ёсць звесткі, што пад гэтыя мэты рыхтуецца беларуская чыгунка, бо менавіта цягнікамі пуцінскае войска будзе дастаўляцца ў Беларусь.
Ці магчыма такое? Канешне, магчыма. Ці адбудзецца па факце? Ой, ёсць вялікія сумневы. Чаму? Таму што Крамлю зараз зусім не да таго.
У Крамля гарыць поўдзень. Пакуль ён праводзіў свае фэйкавыя «рэферэндумы» аб далучэнні да Расіі акупаваных украінскіх тэрыторый, пакуль збіраў бюджэтнікаў на вар’яцкія мітынгі і ўрачыста абвяшчаў пра пашырэнне імперыі, УСУ шпарка рабілі сваю справу. Украінскія войскі імкліва вызваляюць свае землі — на Данбасе, на Херсоншчыне, не звяртаючы ніякай увагі ні на рыторыку Масквы, ні на пагрозу ядзернага ўдару.

kupyansk_stela.webp


Відавочна: уся першая хваля мабілізаваных будзе кінута туды — каб спыніць прасоўванне вайскоўцаў Украіны. Ваенныя аналітыкі не проста кажуць пра гэта — яны выказваюць сумневы, што «мобікамі» наогул можна нешта змяніць. Ну і куды тут адкрываць другі фронт? Навошта перакідваць падраздзяленні ў Беларусь? Тут УСУ заўтра падыдуць да Херсона, і будзе вам пашырэнне эскалацыі.
З гэтага вынікае пікантная рэч: Лукашэнку, які не хоча ўцягваць свае войскі ў вайну, цяпер якраз выгадныя поспехі УСУ на поўдні Украіны. Пакуль у Пуціна там пажар, у Беларусі можна пачувацца спакойна. І займацца звыклай лухтой: адпраўляць школьнікаў збіраць бульбу, узнагароджваць чарговую партыю сілавікоў ды працягваць кашмарыць грамадства.

Крэмль можа ціснуць на Мінск не праз вайну

Увогуле, чаго ўсе вырашылі, што Крэмль цісне на Лукашэнку менавіта ў пытанні «спецаперацыі»? Як паглядзець, то і не цісне зусім, бо беларускія ўлады неяк не турбуюцца і наадварот працягваюць актыўна камунікаваць з маскоўскімі калегамі, знаходзіць там падтрымку.
Можа, справа зусім у іншым? Да вайны таксама існаваў моцны дыскурс на тэму пастаяннага прэсінгу Лукашэнкі з боку Масквы. Ён і тады ездзіў да Пуціна як на працу, ці не кожны месяц. І гэтаксама, як цяпер, публічна асабліва не агучвалася, што ж гэтыя два герантакраты там вырашаюць за зачыненымі дзвярыма.
З часам выявілася, што неўзабаве пасля 2020 года, калі Крэмль фактычна выратаваў беларускі рэжым ад краху, узнавіліся захады РФ па далейшым «саюзным будаўніцтве». Пачалі падпісвацца нейкія дамовы на карысць «інтэграцыі». Многія лічаць, што і «рэферэндум» у Беларусі быў праведзены менавіта па расійскай партытуры. А літаральна днямі бакі вырашылі і пытанне знакамітага «падатковага манеўру», вакол якога раней было наламана столькі дроў.
То ў парадку версіі можна дапусціць, што Лукашэнку прымушаюць плаціць за падтрымку не столькі штыкамі і плацдармамі-палігонамі, колькі кавалкамі суверэнітэту. Уніфікацыяй заканадаўства, пашырэннем расійскага ўплыву ў вайсковай сферы і іншымі дарожнымі картамі. У тым ліку ідэалагічнай вернасцю ранейшым «саюзным» дамовам, у межах якіх цяпер патрабуецца нават ладзіць візіты ў марыянетачную Абхазію.
Калі ўсё так і ёсць, і пад покрывам вайны ціхмяна ідзе супрацьстаянне іншага кшталту, то мабілізацыя тут сапраўды ні пры чым. У рэшце рэшт пранікненне імперыі можа адбывацца іншым, не толькі ваенным, шляхам.