Шрайбман: Беларусь у цалкам падпарадкаваным Расіі становішчы, але Лукашэнку ёсць што сказаць Пуціну

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман адзначае, што ўвядзенне мабілізацыі ў Расіі падняло ўзровень трывогі ў Беларусі. Але ў Лукашэнкі яшчэ застаюцца аргументы, каб не пасылаць беларускае войска ва Украіну. Гэтыя аргументы не вечныя, але пакуль працуюць.

shraibman1__1_.png


— У лютым, калі пачалося ўварванне, у тым ліку з беларускай тэрыторыі, у Беларусі была паніка, што гэтая вайна можа распаўсюдзіцца на тэрыторыю Беларусі, могуць быць уцягнутыя беларускія жаўнеры альбо пачнецца мабілізацыя. Цяпер гэтыя фобіі зноў узнікаюць, — кажа Арцём Шрайбман у інтэрв'ю «Радыё НВ».

Плюс усё тое, што адбываецца, працягвае змяняць успрыманне Расіі: яшчэ да мабілізацыі ў беларускім грамадстве пачала астываць якая-небудзь падтрымка дзеянняў Расіі і яе паспяховасці. Пасля мабілізацыі гэтыя настроі будуць толькі ўзмацняцца.

Шрайбман адзначае: з боку людзям часта здаецца, што Лукашэнка ўжо не можа супраціўляцца Расіі і яму няма чаго супрацьпаставіць. Аналітык лічыць, што гэта і так, і не.

— Беларусь сапраўды цалкам у падпарадкаваным становішчы ва ўсіх вымярэннях: і ў інфармацыйным, эканамічным сэнсах, і ў ваенным. Хоць вайсковая прысутнасць Расіі ў Беларусі з пункту гледжання штыкоў, людзей, якія знаходзяцца на зямлі, знізілася.

Пуціну патрэбны войскі ў іншых месцах, і ўсе баяздольныя сухапутныя часткі даўным-даўно ўжо на франтах. Зразумела, Беларусь залежная ад Расіі, і нейкіх жэстаў у бок Захаду ці Украіны Лукашэнка сабе дазволіць не можа. Але ён можа націскаць на тое, што ў выпадку ўцягвання яго ў гэтую вайну са сваімі войскамі, яго рэжым будзе дэстабілізаваны. І гэта не выключана, яму тут нават не трэба хлусіць.

Настроі ў Беларусі абсалютна адназначныя і не мяняюцца з пачатку вайны. Беларусы любых поглядаў не хочуць пасылаць сваё войска на вайну, таму Лукашэнка баіцца.

Ён можа так і сказаць Пуціну: «У цябе ёсць надзейны плацдарм, ты выкарыстоўваеш маю інфраструктуру, паветраную прастору, мы дапамагаем кагосьці лячыць і рабіць абмены палоннымі на сваёй тэрыторыі. А калі ты прымусіш мяне кінуць маіх пару тысяч жаўнераў, яны нічога не зменяць на полі бою, але мой рэжым можа дэстабілізавацца, а ты можаш страціць плацдарм».

Думаю, Лукашэнка на гэтым гуляе. Але гэта не вечны аргумент. Лічу, што Пуцін не заўсёды будзе ў такім стане, каб прыслухоўвацца да такіх аргументаў. Але да гэтага часу ён працаваў. І мне падаецца, Пуцін не любіць чапаць тое, што працуе, — лічыць аналітык.