Расійскія «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях настолькі суровыя, што іх адмовіўся прызнаць нават Іран

Іран, які неафіцыйна пастаўляе ў Расію тавары вайсковага прызначэння (напрыклад, баявыя дроны), адмовіўся прызнаваць псеўдарэферэндумы РФ на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пра гэта гаворыцца ў звароце афіцыйнага прадстаўніка МЗС Ірана Насера Канані, паведамляе іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA.

04230000_0aff_0242_e17f_08daa5d274d2_w1023_r1_s.jpg

Іран з'яўляецца адным з нешматлікіх саюзнікаў Расіі, якія дапамагаюць агрэсару ў вайне супраць Украіны. У прыватнасці, Тэгеран пастаўляе арміі РФ свае беспілотнікі, праўда, яны не зусім апраўдваюць надзеі захопнікаў. Аднак іранскія ўлады заяўляюць, што не прызнаюць так званыя рэферэндумы, якія Крэмль арганізаваў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.

«Ісламская Рэспубліка, як заўсёды і ў адпаведнасці са сваімі прынцыповымі пазіцыямі, падкрэслівае неабходнасць поўнай павагі прынцыпу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх дзяржаў як асноўнай нормы міжнароднага права і павагі прынцыпаў і мэтаў Статута ААН», — заявіў Канані.

Ён дадаў, што Іран выступае супраць любых «правакацыйных дзеянняў, якія маглі б парушыць ход міру, стабільнасці і спакою».

«Рэферэндумы» на акупаваных украінскіх тэрыторыях на гэты момант прызнала толькі адна краіна — КНДР.