Сустрэча з бацькам. Медытацыя на атрыманне падтрымкі, умацаванне веры ў сябе
Новая медытацыя па-беларуску на YouTube-канале «Беларуская гармонія»! Калі вы разгубленыя, калі жыццё ставіць складаныя задачы і няма ўпэўненасці, што вы з імі зладзіце, адпраўляйцеся на сустрэчу з уласным героем — з бацькам.
Медытацыя скіраваная на сустрэчу са сваім унутраным бацькам. Таму, нават калі ў рэальным жыцці ваш бацька не з’яўляўся для вас надзейнай апорай, узорам мудрасці, сілы ды смеласці, не аказваў падтрымку, не дзяліўся вопытам, гэта не будзе перашкодай для медытатыўнай практыкі.
Вобраз бацькі — адзін з фундаментальных сімвалаў бадай у любой культуры. Бог-бацька, бацька-неба, што апекуецца кожным стварэннем у нашым свеце. Гэта дасведчаны, моцны, рашучы і адначасова — клапатлівы, справядлівы, пяшчотны. Ён падтрымае, дарадзіць, дапаможа.
Мы прапануем з дапамогай медытацыі сустрэць свайго ўнутранага бацьку, каб атрымаць падтрымку, напоўніцца ўпэўненасцю, паверыць у свае сілы.
Перад медытацыяй:
- Паклапаціцеся, каб хвілін 20-30 вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце мэсэнджары на камп'ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнес-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі).
- Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню.
- Паздымайце ўсе ўпрыгожанні з валасоў, гадзіннікі, паясы (ці проста расшпіліце). Уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне).
Вітаем у падарожжы ў Сусвет і падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць новыя медытацыі на беларускай мове!