Выйшаў на волю былы камандзір МНС Аляксандр Курганскі, асуджаны да 1,5 гадоў калоніі за лайк

Аляксандр Курганскі больш за 15 гадоў прапрацаваў у МНС. Перад затрыманнем быў камандзірам аддзялення ў частцы № 7 у Гродне. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года за лайк па «справе Зельцэра». Пасля гэтага яго звольнілі і абавязалі выплаціць сем тысяч рублёў па кантракце.

photo_2022_10_18_12_03_17.jpg

Палітвязня Аляксандра Курганскага абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). 12 жніўня 2022 года палітвязню прысудзілі 1,5 гады калоніі, а таксама штраф у памеры 1600 рублёў.

Адметна, што пракурор прасіў асудзіць палітвязня за лайк адразу на чатыры гады калоніі.28 чэрвеня 2022 года КДБ унёс Аляксандра ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», а ў верасні — да «экстрэмісцкай».

Сёння праваабаронцы паведамілі, што Аляксандр Курганскі цалкам адбыў тэрмін і 17 кастрычніка выйшаў на волю з віцебскай калоніі № 3, дзе яго амаль два месяцы ўтрымлівалі ў «каранціне».

На фота — мужчына пасля вызвалення.