Дар'я Лосік прапанавала «грамадзяніну Лукашэнку» абмяняць мужа на сябе

Дар'я Лосік, жонка палітвязня Ігара лосіка, запісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім прапанавала абмяняць свайго мужа на сябе. 

Дар'я Лосік

Дар'я Лосік


«Грамадзянін Лукашэнка, прапаную вам замяніць майго мужа на сябе. ( ... ) Я гатовая добраахвотна сесці ў беларускую турму і ўзяць на сябе ўсе крымінальныя артыкулы Ігара наўзамен на яго свабоду. Калі вам вельмі хочацца, вы можаце накінуць мне яшчэ парачку крымінальных артыкулаў для атрымання большага задавальнення. Я іду на такі крок толькі пры ўмове, што Ігар з дачкой пакіне краіну. Вы нічога не губляеце, бо ў вашай краме чалавечых лёсаў іх колькасць застанецца той жа. Пачнём з таго, што вашы падначаленыя лепш за каго-небудзь іншага ведаюць, што мой муж невінаваты. Ды і факты, якія даказваюць гэта, я вам дала», — заяўляе Дар'я Лосік.
«Мяне нельга запалохаць, праходзілі, у вас не атрымліваецца. Закрыць мне рот — на жаль, таксама не варыянт. Вашы хлопцы ведаюць, дзе мяне знайсці, а вы ведаеце, што мне трэба. Усё проста як ніколі», — рэзюмуе яна.
Ігар Лосік быў прысуджаны па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці» ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама арганізацыі масавых беспарадкаў. Нядаўна яго этапавалі ў наваполацкую калонію №1. З моманту заключэння пад варту Ігар Лосік двойчы аб'яўляў галадоўку, першую з якіх трымаў 42 дні.
Дар'я Лосік не ўпершыню звяртаецца да Лукашэнкі. У сакавіку мінулага года яна запісала відэазварот пасля таго, як яе мужу прад'явілі новае абвінавачанне. У снежні мінулага года яна апублікавала зварот, у якім запатрабавала сустрэчы з Лукашэнкам. Дар'я адзначыла, што ён імкнецца стварыць сабе публічны вобраз самаадданага і непахіснага збавіцеля краіны ад нападак ворагаў, а значыць, яго не павінна палохаць сустрэча з ёю — звычайнай дзяўчынай, жонкай і маці.
Паводле reform.by.