Жонка Ігара Лосіка распавяла, як шукала мужа па ўсіх калоніях

У Дэпартаменце выканання пакаранняў спачатку казалі, што не валодаюць, куды могуць перавесці Ігара Лосіка, пакуль не адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі. Але нічога не сказалі і пасля апеляцыі. распавяла жонка палітвязня

dar_ja_i_ihra_losik.jpg

Журналіст-палітвязень Ігар Лосік быў асуджаны на 15 гадоў зняволення ў снежні мінулага года.

Ігара Лосіка абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», а таксама ў «распальванні сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненых групай асоб».

Пакуль не адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі, Ігар Лосік знаходзіўся ў СІЗА Гомеля, але вышэйшая інстанцыя пакінула папярэдні прысуд у сіле, а журналіста перавялі з Гомеля ў іншае месца.

— Да гэтага я спрабавала даведацца, у якую калонію перавядуць Ігара, праз перапіску з упраўленнем Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску, — кажа жонка журналіста Дар’я Лосік. — Спачатку мне паведамлялі, што не валодаюць такой інфармацыя, пакуль не адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі. Але нічога не сказалі і пасля апеляцыі.

На гэтым тыдні прыехала ў Гомель, каб забраць у СІЗА рэчы мужа, але яго там ужо не аказалася. Пасля гэтага асабіста наведалася ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці, там дакладна павінны былі ведаць, у якую калонію накіраваны Ігар. Але размовы не атрымалася. Ім не спадабаўся мой тон, а мне не спадабаліся іх адказы.

Пасля гэтага Дар’я Лосік вырашыла сама шукаць мужа па ўсёй Беларусі.

— Пачынаючы з мінулага аўторка пачала тэлефанаваць ва ўсе калоніі, — распавядае яна. — Таксама патэлефанавала ў сталічны СІЗА на Валадарскага і ў Жодзінскі ізалятар — думала, што муж мог і там знаходзіцца.

У выніку ў Наваполацкай калоніі мне пацвердзілі, што Ігар у іх. Пакуль, відаць, будзе ў каранціне, але 24 чэрвеня я асабіста наведаюся ў гэтую калонію, каб высветліць усе дэталі.

Сяргей Заблоцкі, “Народная Воля”