Мікалаю Дзядку могуць узмацніць рэжым
Мікалаю Дзядку, палітвязню і журналісту «Новага Часу», могуць узмацніць рэжым зняволення — перавесці ў турму.
У судзе Горацкага раёна заўтра, 28 чэрвеня, разгледзяць справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму», паведамляюць праваабаронцы.
Верагодна, Мікалая збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Рашэнне па справе будзе прымаць суддзя Станіслаў Ляшэнка.
Нагадаем, палітзняволенага журналіста «Новага Часу», блогера і актывіста-анархіста ў канцы сакавіка змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго перапіскі і пераследу тых асуджаных, якія з ім камунікуюць. Акрамя гэтага, з 15 па 24 красавіка палітвязня ўтрымлівалі ў ШІЗА па двух пратаколах.
Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. 10 лістапада палітвязня асудзілі да пяці гадоў калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3. Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.