Ваеннага аналітыка не выпусцілі пасля «сутак» і завялі крымінальную справу

Ваенны аналітык Ягор Лебядок не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Тады яго судзілі за непадпарадкаванне міліцыянтам.

photo1657789555.jpeg

Ягор Лебядок не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале ваеннага аналітыка. Яму інкрымінаваны артыкул 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Прынамсі, праўладныя тэлеграм-каналы называюць такі артыкул. Згодна з ім, аналітыку пагражае да 6 гадоў зняволення.

Нагадаем, Ягора Лебядка затрымалі раніцай 12 ліпеня. Сілавікі апублікавалі з аналітыкам «відэа з палону». На ім аналітык распавядаў, што дае інтэрв'ю "каналам, прызнанымі ў нас экстрэмісцкімі на тэму вайны ва Украіне і па іншых пытаннях".

Ягору Лебядку прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 КаАП — «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». Такім чынам, ён павінен быў выйсці яшчэ 27 ліпеня, але з-за кратаў яго так і не выпусцілі. 

Апошнім часам Ягор Лебядок шмат разважаў пра вайну. Ён адзначаў, што «пацыфізм у нашых умовах недапушчальны. Гэта безумоўна». Аднак адзначаў, што ў беларускім грамадстве няма падтрымкі кіраўніцтва краіны. Не толькі з-за 2020 года, але і з-за таго, што Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны. «Праблема не толькі падтрымліваць войска, але і за каго ваяваць? За Лукашэнку? За Беларусь? Беларусь — не Лукашэнка. Многіх беларусаў яго палітыка не задавальняе. Тым больш, што яна можа прывесці да разбурэння нашых гарадоў».


Нядаўна эксперт адзначаў, што ўдзел Беларусі ў вайне не скончыўся. А планы па Кіеве ў расіян — перакінуць групоўку ў Беларусь і атакаваць Кіеў — засталіся. «Мяркуючы па тым, як усе актыўна ўзяліся, гэта на канец ліпеня — пачатак кастрычніка», — прагназаваў тэрміны новай эскалацыі эксперт. І казаў, што вайна можа пачацца і на нашай тэрыторыі.