Святлана Ціханоўская: Дар'я кожны дзень паказвала Ігару і ўсім нам, як выглядае сапраўднае каханне

Святлана Ціханоўская выказалася пра сённяшняе затрыманне Дар'і Лосік: мы павінны дапамагаць Дашы, Ігару, іх блізкім — гэтак жа, як і сваякам тысяч зняволеных

Фота з праекта Шуры Піліповіч-Сушчыц «Скрадзеныя людзі».

Фота з праекта Шуры Піліповіч-Сушчыц «Скрадзеныя людзі».

— Сёння а палове восьмай раніцы сілавікі прыйшлі ў кватэру, дзе спалі жонка палітвязня Ігара Лосіка Дар'я і іх дачка Паўліна. Цяпер у трохгадовай дзяўчынкі ў турме і тата, і мама.

Дар'я — чалавек з неверагоднай вытрымкай і сілай волі. Кожны дзень яна паказвала Ігару і ўсім нам, як выглядае сапраўднае каханне. Кожны дзень яна дэманстравала такую мужнасць, якая і не снілася тым, хто сёння затрымліваў яе.

Я знаёмая з Дашай і захапляюся ёю. У якіх бы ўмовах яна ні знаходзілася, — упэўненая, што цяпер канваірам і наглядчыкам даводзіцца адводзіць вочы перад поглядам гэтай ганарлівай, клапатлівай і неверагодна смелай беларускі.

Надыдзе дзень, калі Дар'я і Ігар абодва выйдуць з турмаў і зноў апынуцца дома разам са сваёй дачкой.

А цяпер у нашых сілах дапамагаць — Дашы, Ігару, іх блізкім — гэтак жа, як і сваякам тысяч зняволеных па палітычных матывах. Усе гэтыя два гады падтрымка не становіцца менш неабходнай!.. — сказала Ціханоўская і заклікала дапамагаць сем’ям палітвязняў.

Святлана Ціханоўская заклікала абавязкова памятаць пра людзей, якія “сёння не вернуцца дадому да сваіх маці, жонак і дзяцей” бо гэтыя людзі цяпер “праходзяць гэта выпрабаванне за ўсіх нас».


Нагадаем, як пісаў НЧ, з ператрусам да Дар‘і Лосік прыйшлі а палове на восьмую ранку 18 кастрычніка. Сама Дар'я з дачкой яшчэ спалі. Дар'і далі патэлефанаваць сваім бацькам, маці дзяўчыны хутка прыехала на месца, але яе нават не пусцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку аб тым, што быў праведзены ператрус.

Дар’ю затрымалі на трое сутак у рамках крымінальнай справы. Праўладныя каналы паведамілі, што крымінальны пераслед звязаны з каментарамі жонкі палітвязня «няправільным» медыя.

Ігар Лосік быў асуджаны па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці» ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». З моманту ўзяцця пад варту Ігар Лосік двойчы аб'яўляў галадоўку, першую з якіх трымаў 42 дні.