На волю выйшаў баксёр Аляксей Кудзін
Пра гэта ў Твітары паведаміў журналіст Ігар Палынскі. Таксама на гэта намякнула ў сацсетках жонка Кудзіна.

Нагадаем, Аляксей Кудзін, шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе, быў асуджаны на два з паловай гады калоніі. Нібыта падчас акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года нанёс удары супрацоўніку ўнутраных войскаў і супрацоўніку УУС Мінаблвыканкама, у якіх потым былі выяўлены калечанні.
Два тыдні баец правёў у Маладзечанскім РАУС і СІЗА Жодзіна, затым былі хатні арышт і падпіска аб нявыездзе, якую Аляксей Кудзін парушыў напярэдадні суда, у лістападзе 2020 года.
Па запыце беларускіх улад яго затрымалі ў Маскве ў пачатку 2021-га. 21 ліпеня, па сканчэнні тэрміну ўтрымання пад вартай у маскоўскім СІЗА, яго вывезлі ў Мінск.

У апошнім слове на судзе Кудзін прызнаў, што нанёс удары супрацоўнікам міліцыі, але падкрэсліў, што зрабіў гэта ў якасці самаабароны: «Я думаю, што ў паказаннях на маім судзе было шмат супярэчнасцей. Лічу, што было даказана прымяненне супрацоўнікамі спецсродкаў. Я не адмаўляю ўдараў, але гэта была самаабарона».
Адбываў пакаранне Кудзін у Шклове. Гэтая папраўчая калонія мае не толькі спартыўны гарадок, але і першай з беларускіх папраўчых калоній адкрыла інтэрнэт-краму для асуджаных.
