Адвакат Аляксея Кудзіна патлумачыла, чаму Расія не мела права высылаць спартоўца
Марыя Красава, адвакатка байца ММА, у інтэрв’ю DW заявіла, што абаронцы Кудзіна звярнуліся ў праваахоўныя органы за афіцыйнымі тлумачэннямі з гэтай нагоды:
«Жонка Аляксея Таццяна падала ў паліцыю заяву аб знікненні мужа, а я паведаміла ў СК аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія ажыццявілі выдачу нягледзячы на прамую забарону Еўрапейскага суда. Пакуль што ніякіх адказаў мы не атрымалі.
ЕСПЧ спаслаўся на правіла 39, у адпаведнасці з якім экстрадыцыя забараняецца да таго часу, пакуль суд не прыме канчатковае рашэнне. ЕСПЧ, вывучыўшы нашы довады, што пераслед Аляксея быў палітычна матываваным, і пра тое, што ў Беларусі ён падвяргаўся катаванням, прыняў рашэнне аб неабходнасці праверкі звестак.
Доказы таго, што ў дачыненні да Аляксея выкарыстоўвалі катаванні, былі ў матэрыялах крымінальнай справы ў Беларусі, якую нам удалося атрымаць. Там і раненні гумовымі кулямі, і страсенне мозгу, і выкарыстанне светлашумавых спецсродкаў – усе катаванні пацверджаныя. ЕСПЧ вызначыў тэрмін да 10 жніўня – да гэтага часу РФ павінна была падаць дакументы, на падставе якіх Еўрапейскі суд змог бы вывучыць абгрунтаванасць пастановы аб выдачы. Забарона на экстрадыцыю была да 17 жніўня. Але Расея гэта распараджэнне ЕСПЧ праігнаравала».
У тэлеграм-канале прадзяржаўнага тэлеканалу АНТ з’явілася відэа з байцом Аляксеем Кудзіным, якога пазаўчора экстрадавалі ў Беларусь з Расеі, нягледзячы на забарону ад ЕСПЧ.
На відэа ён раскайваецца і просіць «апазіцыйныя сілы не выкарыстоўваць яго імя і спартыўныя дасягненні ў сваіх інтарэсах». Таксама Кудзін дадаў, што ўжо кампенсаваў шкоду пацярпелым сілавікам і «падтрымлівае тую палітыку, якую вядзе дзеючая ўлада» і папрасіў памілаванне ў Лукашэнкі.
Нагадаем, Кудзіна абвінавачваюць па артыкулу аб «супраціве супрацоўніку органаў унутраных справаў» пад час жнівеньскіх пратэстаў. Яму пагражае да сямі гадоў зняволення.
Белсат