Гомельскі актывіст Ілья Міронаў звярнуўся да беларусаў па дапамогу ў працаўладкаванні
Вядомы гомельскі валанцёр звярнуўся да беларусаў з просьбай аб дапамозе ў працаўладкаванні. Пасля таго, як Ілья Міронаў правёў у турме больш за год, ён стаў беспрацоўным і не можа выехаць за мяжу, каб знайсці працу там.

«За свае 40 гадоў працаваў шмат кім — ад грузчыка і падсобніка на будоўлі да заснавальніка і кіраўніка прадпрыемства. Доўгі час таксама быў прадпрымальнікам у сферы арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў, рэкламнай дзейнасці, аптова-рознічнага гандлю. Пасля таго, як я правёў больш за год у турме, я стаў беспрацоўным. Разгляджу любыя варыянты, бо маю патрэбу ў працы!», — публікуе ліст палітвязня «Штодзень».
Па пастанове суда Ілля не можа выехаць за мяжу, бо мае падпіску аб нявыездзе, штраф у 200 базавых. «Я разумею, што за мяжой, без розніцы ў якой краіне, я без праблем у першы дзень знайду працу. У 2020 годзе я працаваў на аўтамабільным заводзе ў Польшчы (у аддзеле праверкі якасці), на складах у Лодзі, а таксама на паштова-размеркавальным цэнтры In Post пад Варшавай. Мне прапаноўвалі пасаду старэйшага змены, але я не змог застацца ў баку ад таго, што адбывалася ў гэты час у нашай краіне і вярнуўся», — зазначае ён.
Пры гэтым ён працягвае актыўна займацца грамадскай дзейнасцю, у тым ліку маніторыць судовыя паседжанні, пісаць лісты салідарнасці, перадаваць прадуктовыя перадачы. «За гэта мяне ўжо два разы арыштоўвалі і я 17 сутак правёў у ІЧУ», — напісаў Ілля.
«Уся надзея толькі на вас, сумленныя беларусы, дапамажыце знайсці працу і не памерці проста з голаду на вуліцы. Цяпер буду рады любой працы» — піша Міронаў.
Кантакты для сувязі Ілля Міронаў падаў у адкрытым доступе: +375447242661 МТС, тэлеграм, вайбер, email: gomel-rockclub@tut.by.

Ілля Міронаў вядомы тым, што напісаў некалькі тысяч лістоў палітвязням. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.
Суд адбыўся 24 кастрычніка. Іллю Міронава асудзілі на 1,5 гады папраўчай калоніі і 200 базавых велічыняў штрафу. Але паколькі Ілля Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у залі суда.
