Ілья Міронаў: Нават бомж, які сядзеў са мной, выкінуў ежу, якую выдалі ў ІЧУ

Гомельскі валанцёр Ілья Міронаў, які вядомы тым, што напісаў тысячы лістоў палітвязням, выйшаў на волю пасля чарговых 12 сутак арышту. Па яго ўражаннях, сядзець стала яшчэ цяжэй, а за кратамі цяпер — вельмі шмат палітычных.

illja_mironau_1_1.jpg


З актывістам пасля вызвалення паразмаўляла гомельскае выданне «Штодзень».

— Як прайшлі гэтыя суткі? Ці было цяжка?

— Так, цяпер асабліва было цяжка. Нават у параўнанні з мінулым месяцам, калі мяне затрымалі на пяць сутак.

Я сядзеў спачатку з затрыманым барменам з бара «Кватэрнік» і таксістам з Яндэкса. Іх затрымалі паводле артыкула 19.11 («Распаўсюд, выкарыстанне, захаванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). Але потым у дачыненні да іх распачалі справы паводле артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Судзілі мяне ў судзе Савецкага раёна. На пасяджэнне паспела толькі мая маці.

Мяне судзілі паводле артыкуле 19.11. А як мяне затрымалі? Мяне выклікалі напярэдадні па позве ў аддзяленне Савецкага РАУС для правядзення прафілактычнай размовы. Паглядзелі мой тэлефон хвілін 40. Знайшлі ў ім, што ў Фэйсбуку я падпісаны на пару супольнасцяў, якія прызналі экстрэмісцкімі. На іх я быў падпісаны яшчэ ў 2020 годзе.

Быў суд. На ім я сказаў, што падпісаны і віны не адмаўляю. Далі 12 сутак з канфіскацыяй сотавага.

— Ты сказаў, што цяпер быў яшчэ больш складаны рэжым. У чым гэта выяўлялася?

— Мне маці перадавала рэчы, зменную бялізну і тэрма, спартовыя штаны, майку, шкарпэткі. Гэта ўсё прынялі, але мне не перадалі. Мне ўсе гэтыя рэчы аддалі пасля выхаду. А расчоску нават не прынялі ўвогуле. Цягам 12 сутак упершыню не вадзілі мыцца ў лазню. Не толькі мяне не вадзілі, але іншых таксама. Я не зразумеў, з якой прычыны.

Харчаванне стала горш. Баланда такая, што толькі свіней можна карміць. Нават бомж, які сядзеў са мной, выкінуў ежу, якую выдалі ў ІЧУ. Нашыя курткі знаходзіліся ў карцары, іх выдавалі толькі на ноч, а ў 6 раніцы іх зноў забіралі.


— Ці халодныя былі камеры?

— Вельмі холадна было. Скразнякі. Калі я быў у камеры, то пачаўся насмарк. Дзякуй маці, што перадала спрэй для носа.

— Як настрой цяпер?

— Настрой сустрэць новы год у сям'і. Вылечыцца, бо падчас знаходжання ў ІЧУ вельмі захварэў. І буду працягваць далей займацца грамадскай дзейнасцю. Толькі больш асцярожна.

— Паводле тваіх адчуванняў, ці шмат палітычных у ІЧУ?

— Так. Я сядзеў на другім паверсе. І з агульнай колькасці там было 4 чалавекі, якія сядзелі паводле артыкула 19.11. Дваіх ці траіх чалавек потым адвезлі ў СІЗА. Сярод іх і бармен з «Кватэрніка».