Ілля Міронаў: Да нас ставіліся горш, чым да крымінальнікаў

Ілля Міронаў і цяпер перакананы, што наш, беларускі шлях — толькі мірныя пераўтварэнні і перамены, а на гэта можа спатрэбіцца значны час.

306679582_5974369195931295_509053782513034694_n.jpg

Ілля Міронаў — пра тое, ці магчымая грамадская дзейнасць «у канцлагеры». Гомельскі валанцёр распавядае сайту «Штодзень» падрабязнасці апошняга арышту і разважае пра перспектывы грамадскай дзейнасці.

— Ілля, распавядзі, калі ласка, як ты апынуўся ў ізалятары ў апошні раз.

— Апошняе затрыманне адбылося 21 лістапада. Да гэтага да мяне прыходзіў інспектар па прафілактыцы злачынстваў, але мяне не было дома, бо я ездзіў у Мінск на канцэрт гурта «Сектар Газа».

Па прыездзе з Мінска, без усялякай задняй думкі, дамовіўшыся з інспектарам, зайшоў у аддзяленне пасля абеду. Даў міліцыянтам на прагляд свой тэлефон, бо я нічога не збіраўся хаваць, паколькі быў упэўнены ў тым, што нічога супрацьпраўнага ў мяне няма. Але я памыліўся. У мяне была падпіска, ды ўжо даўнавата, гадоў дзесяць, на суполку УКантакце «Мая краіна Беларусь» і пара рэпостаў у асабістыя паведамленні са спасылкай на тг-канал «Вясны», на які я нават не быў падпісаны…

А што да асабістай перапіскі, я да апошняга быў упэўнены, што яе могуць правяраць толькі з санкцыі пракурора. У адносінах да мяне было складзена два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, па арт. 19.11 ч.1 і ч.2.


— Ці не паменела ў цябе жадання займацца грамадскай дзейнасцю пасля прэсінгу?

— Я як быў валанцёрам, так і застаўся ім, застаўся нягледзячы на тое, што больш за год правёў у турме.

Я з самага першага дня, нават не адпачыўшы некалькі дзён пасля выхаду на волю, працягнуў займацца тым, чым займаўся да арышту і змяшчэння ў турму. А за год працы назбіралася столькі, што да гэтага часу, хоць і прайшло ўжо больш за месяц, не магу з усім разабрацца.

Так атрымалася, што я пакуль што ўзяў на сябе вялікі кавалак дзейнасці: маніторынг судоў, напісанне лістоў салідарнасці, збор прадуктова-рэчавых перадач, не кажучы ўжо пра інфармацыйную і праваабарончую дзейнасць…

А грамадзянская супольнасць? Яна засталася такой жа. Толькі людзі крыху сталі асцярожнейшыя і ўважлівейшыя, хоць насамрэч засталіся такімі ж, якімі і былі — сумленнымі, салідарнымі, гатовымі падзяліцца апошнім акрайцам хлеба.


— Як да цябе ставіліся міліцыянты падчас затрымання?

— У Савецкім РАУС Гомеля, куды я прыйшоў на гутарку, неяк прадузята да мяне не ставіліся. За апошнія некалькі гадоў я ўжо больш за дзясятак разоў пабываў у яго кабінетах, таму адчуваў сябе як дома.

Гэта, вядома, жарт. Я паказаў міліцыянтам тэлефон, у ім выявіліся так званыя экстрэмісцкія рэсурсы, якія ў прынцыпе, відаць, у мяне заставаліся з мінулага года, да майго арышту і дастаўкі ў турму.

Са мной толкам не размаўлялі. Я прызнаў адразу, што гэта мае спасылкі, спадзеючыся, што мне не прыйдзецца сядзець і ўсё абыдзецца мінімальным штрафам у 20-30 базавых…

Але ў так званым «стакане», чакаючы транспарт для дастаўкі ў ІЧУ, правёў шмат часу, больш за пяць гадзін. Ужо за поўнач, прыбыўшы ў ізалятар, зноў сутыкнуўся, як я лічу, з парушэннем сваіх канстытуцыйных правоў у выглядзе адсутнасці пасцельнай бялізны, ручніка і мыла, чаго я быў пазбаўлены, на маю думку, у першы раз за ўвесь час.

У камеры ўжо знаходзіўся крымінальнік, які здзівіўся такому стаўленню да мяне з боку супрацоўнікаў ІЧУ, але прапанаваў мне ежу, пітво, бо на вячэру мы ўжо не паспелі, а ежы мне не прапанавалі.

Раніцай наступнага дня адбылося судовае пасяджэнне, на якім прысутнічала мая мама. Пастановай суддзі Лагуновіча Савецкага раёна Гомеля быў прыгавораны да 5 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля чаго дастаўлены ў гэтую ж камеру, хату.

 

313911473_661367402050301_807444329445087716_n.jpg

— Як змяніліся ўмовы ўтрымання ў ІЧУ?

— Ужо ў ІЧУ сутыкнуўся з тым, што ўмовы сталі больш жорсткімі не толькі ў параўнанні з мінулым годам, але і нават з умовамі СІЗА, у якім я правёў 389 дзён.

Па-першае, пры паверках, як дзённых, так і вячэрніх, правяраючыя ставіліся да нас горш, чым да крымінальнікаў. І гэта тычылася ўсяго, напрыклад, металічных кайданкоў, якія зашпільвалі на рукі і якія часам сцягвалі так, што станавілася непрыемна, дыскамфортна. Нас выводзілі спінай да дзвярэй, пры гэтым тузаючы і ставячы «на расцяжку».

Па-другое, харчаванне, пасля таго як дамова на пастаўку ежы была заключана з нейкім ІП, стала на парадак горшым. І вады ўвечары наогул не давалі піць. Ні пра якія два літры чыстай вады, патрэбныя арганізму, гаворкі не магло ісці. Таксама адмовіліся ад перадачы ручніка. Тое ж тычылася прадуктовых перадач, якія прымаліся толькі па самым мінімуме.

Ну, і самае галоўнае, што мяне абурыла: камеры былі адназначна перапоўненыя. І там, дзе павінны былі размяшчацца двое, размяшчалі пяцярых, шасцярых, з-за чаго даводзілася спаць на стале, падлозе.

314979573_857639892350017_5861020953901305786_n_e1669854216370.jpg


— Ці магчымая хоць нейкая публічная дзейнасць у цяперашняй РБ? І навошта яна?

— Можна і трэба! Я ўжо казаў і зноў скажу, што наш шлях не рэвалюцыйны, а эвалюцыйны. Мы — беларусы, не ўкраінцы, не прыбалты і нават не палякі, хаця пражылі з імі працяглы перыяд часу. Але палякам спатрэбілася больш за 30 гадоў на тое, каб памяняць рэжым, і гэта, на маю думку, ім удалося толькі з-за таго, што ў самім СССР пачаліся істотныя праблемы, якія выклікалі Перабудову і падзенне камуністычнага рэжыму.

Магчыма, калі б не гэта, то і Польшчы спатрэбілася б больш часу. Таму толькі эвалюцыя, толькі мірныя пераўтварэнні і перамены, на што можа спатрэбіцца значны час, але, на мой погляд, гэта наш шлях.

Пачынаючы з 2020 года, адбылася кансалідацыя значных мас, усіх слаёў, нашай грамадзянскай супольнасці. Да гэтага былі нязначныя пратэсты, якія па шэрагу прычын, як знешніх, так і ўнутраных, не садзейнічалі кансалідацыі нацыі.

Грамадская дзейнасць патрэбная. Яна ўключае як інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць, накіраваную на вывучэнне роднай мовы, гісторыі і культуры, так і іншыя (праваабарончая, салідарнасць, аказанне дапамогі тым, хто за кратамі) — усе гэтыя ініцыятывы адносна бяспечныя, але яны эфектыўныя. Гэта ўсё кансалідуе грамадзянскую супольнасць, нават узмацняе, вось што трэба рабіць, і не толькі на словах, але і на справе, штодзень, як бы цяжка ні было.