У Віктара Бабарыкі — новая праца ў калоніі з яшчэ горшымі ўмовамі

Рэзка пагоршыліся ўмовы працы ў калоніі ў палітвязня Віктара Бабарыкі. Зрэшты, і папярэдняя праца ў пякарні пры +30º гарачыні была незайздросная.

viktar_babaryka_za_kratami.jpg

Віктар Бабарыка цяпер выпальвае драўняны вугаль, паведамляе тэлеграм-канал палітыка. Поўны працоўны дзень — 9 гадзін! — 6 дзён на тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы. Без доступу да бытавых памяшканняў, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены.

Родных палітыка асабліва турбуе, што нягледзячы на агучаныя медыцынскія супрацьпаказанні гэта новая праца звязана з падыманнем цяжкасцей, а таксама з высокім узроўнем задымленасці.

Раней Віктар Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў — і ўвесь час павінен быў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30º.

Першая яго «пасада» ў калоніі — апальшчык у пякарні.