Марыю Калеснікаву перавялі з рэанімацыі ў хірургічную палату. Але дыягназ пакуль не вядомы
Марыю Калеснікаву сёння кармілі ёгуртам і кашай, — паведамілі ў тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі.
Аляксандр Калеснікаў, бацька Марыі, здолеў даведацца, як сёння сябе адчувае яго дачка.
Па словах лекараў, Марыі становіцца лепей. Яе перавялі ў першае хірургічнае аддзяленне з рэанімацыі.
Апетыт у яе нармальны, Марыя паснедала ёгуртам і кашай. Яе наведваў лекар з калоніі, які запэўніў: пасля выпіскі з лякарні палітзняволенай забяспечаць належныя ўмовы і догляд.
Сама Марыя Калеснікава нібыта ведае ад лекараў свой дыягназ, а таксама што і як аперавалі. Аляксандру Калеснікаву дыягназ не паведамілі.
Нагадаем, Марыя Калеснікава трапіла з ШІЗА ў рэанімацыю, яе трымалі ў лякарні пад моцнай аховай. У гомельскі шпіталь Марыю прывезлі ўжо ў цяжкім стане. Невядома, калі ёй стала дрэнна. Аперацыя прайшла планава і паспяхова.
У верасні 2020 года каардынатарку штаба Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезці ва Украіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз акно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калеснікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам з юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і 6 верасня 2021 года асудзілі на 11 гадоў калоніі.