Марыю Калеснікаву ў рэанімацыі ахоўваюць трое сілавікоў, адзін — з аўтаматам (дапоўнена)

Палітзняволеная Марыя Калеснікава трапіла з ШІЗА ў рэанімацыю — і дагэтуль знаходзіцца там пад моцнай аховай. Бацька Марыі Калеснікавай цяпер — у гомельскім шпіталі. Да дачкі яго не пускаюць, дыягназ адмаўляюцца паведамляць.

b177b1243e99415be8239d5d0c94af47.jpg

Тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі распавёў, што вядома на гэты момант пра Марыю Калеснікаву. Бацька Марыі Аляксандр Паўлавіч знаходзіцца ў бальніцы Гомеля. Зносіны бацькі з лекарамі адбываецца ў прысутнасці супрацоўнікаў МУС.

Марыю прывезлі ўжо ў цяжкім стане. Невядома, калі ёй стала дрэнна. Адваката не пускаюць з 17 лістапада.

Аперацыя прайшла планава і паспяхова, але Марыя ўсё яшчэ знаходзіцца ў цяжкім стане. Па словах лекараў, яна ў свядомасці, неабходнае лячэнне і лекі ёй прадастаўляюцца.

Дыягназ не кажуць нават бацьку: нібыта неабходная заява або распіска аб тым, што Марыя дазваляе. Паводле непацверджанай інфармацыі, у Марыі прабадная язва.

Адваката да Марыі не пусцілі, бацьку таксама.



Крыніцы «Св*боды» паведамляюць, што Марыя Калеснікава дагэтуль у рэанімацыі гомельскага шпіталя хуткай медычнай дапамогі, у хірургічную палату яе пакуль не перавялі.

Увечары 29 лістапада з'явілася інфармацыя, што Марыя Калеснікава, якая адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі, трапіла ў рэанімацыю шпіталя хуткай дапамогі. Яна перанесла аперацыю. Пра стан палітзняволенай нічога невядома.

«Яна і цяпер у рэанімацыі хірургічнага аддзялення, у цяжкім стане. У палату яе пакуль не перавялі. Калеснікаву ахоўваюць трое. Двое ўнутры палаты і адзін, з аўтаматам, звонку, каля дзвярэй», — паведаміла крыніца «Св*боды».

Суразмоўца зазначае, што ў шпіталі «ўсе на вушах» і ніхто не будзе даваць аніякіх каментароў. Для пацыентаў-вязняў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, размешчаны ў самым цэнтры Гомеля ля гарадскога парку, ёсць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.

«Але яе пакуль туды не перавялі», — кажа крыніца «Св*боды».


Гомельскі патолагаанатам Андрэй Падольскі на сваёй старонцы ў «Жывым часопісе» падзяліўся разважаннямі наконт шпіталізацыі Марыі Калеснікавай. Ён зазначыў, што не мае ніякай інфармацыі пра стан пацыенткі і свае развагі грунтуе на ўласным досведзе і інфармацыі з адкрытага доступу ў інтэрнэце.

Медык лічыць, што стан хворай пры шпіталізацыі не быў крайне крытычным, бо ў такім стане пацыента даставілі б у бліжэйшы шпіталь, а не ў шпіталь хуткай дапамогі.

«Траўмы галавы ці грудной клеткі ў пацыенткі не было — для гэтага ў Гомелі для хуткай дапамогі ёсць іншыя стацыянары. У хворай была выяўлена вострая хірургічная паталогія, якая патрабавала тэрміновага аперацыйнага ўмяшання. Гінекалагічная вострая паталогія выключана. З пасляаперацыйнай тактыкі (дастаўка ў рэанімацыйнае аддзяленне) можа меркаваць, што ў пацыенткі ці дэструкцыйная форма вострага халецыстыту (апендыцыту), ці прабадзенне парожняга органа, магчыма, язвавага (пры выключэнні іншых прычын) генезісу. Дастаўка ў рэанімацыю — гэта стандартнае дзеянне», — мяркуе медык.

Ён выключае траўму або разрыў пячонкі ці селязёнкі, як і запушчаны, позна выяўлены перытаніт.

Падольскі таксама піша, што ён высока ацэньвае прафесійны ўзровень лекараў у шпіталі хуткай дапамогі і ўпэўнены, што там «зробяць усё, каб паставіць пацыентку на ногі».

У верасні 2020 года каардынатарку штаба Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезці ва Украіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калеснікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам з юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і 6 верасня 2021 года асудзілі на 11 гадоў калоніі.