Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 29 лістапада

Расказваем, што адбылося ў краіне за гэты дзень.

dsc08675_logo_1_1.jpg


У справаздачы па дзейнасці Следчага камітэта кіраўнік ведамства Дзмітрый Гара паказаў курс на працяг рэпрэсій — маўляў, на гэта было асабістае даручэнне Лукашэнкі, які «папрасіў» разабрацца з «экстрэмісцкімі» справамі. Акрамя таго, Гара адзначыў, што завочныя суды цяпер будуць праводзіцца не толькі ў дачыненні да апанентаў рэжыму, але і да бізнесменаў, якія выехалі з краіны.
Былому супрацоўніку пракуратуры Алегу Ермакову прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падставай сталі абвінавачанні ў «незаконным зборы ці распаўсюджванні інфармацыі аб прыватным жыцці» (ч.1 арт.179, выключанага з Крымінальнага кодэкса 26.05.2021 года) і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Праваабаронцу Насту Лойкатрэці раз запар арыштавалі на 15 сутак. Яе асудзілі паводле артыкула 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). У верасні яе ўжо затрымлівалі на 30 сутак пасля суда над Марфай Рабковай і Андрэей Чапюком. Агулам Наста правядзе за кратамі ўжо 75 сутак.
Сайт і Instagram баранавіцкай крамы з нацыянальнай сімволікай «Росквіт» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэнне прыняў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.
Палітзняволенага журналіста і аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына адміністрацыя гродзенскай турмы паставіла на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў».
Палітзняволеная Марыя Калеснікавазнаходзіцца ў рэанімацыі. Учора ў хірургічным аддзяленні адной з гомельскіх бальніц ёй зрабілі аперацыю. Марыя трапіла туды пасля ШІЗА.
Сілавікі затрымалі генеральнага дырэктара ТДА «Беллесвыраб» Віталя Васілевіча. Праўладныя крыніцы назвалі затрыманага «доларавым мільянерам» і абвінавацілі ў тым, што ён «не пусціў супрацоўнікаў міліцыі на аб'ект прадпрыемства». Нібыта праз гэта да мужчыны паўсталі прэтэнзіі, і «пры дбайнай праверцы ў яго выявілі агнястрэльную зброю і сляды ўдзелу ў масавых парушэннях грамадскага парадку і перакрыццях дарог, учыненых у жніўні 2020».
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Гомелі бармена Глеба Веташкіна. Ён працаваў у бары «Квартирник». Сцвярджаецца, што мужчына нібыта «распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, удзельнічаў у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, абражаў прадстаўнікоў улады і распальваў сацыяльную варожасць». На яго складзены пратакол па ч.2 арт.19.11 («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Вольгу Анішчук арыштавалі трэці раз запар. Яна абвясціла галадоўку супраць здзекаў у магілёўскім ІЧУ.
Праваабаронцы прызналі палітвязнем былога тэлевядоўцу Дзмітрыя Семчанку. Супраць яго распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Дадзены артыкул прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.
Паводле даных праваабаронцаў «Вясны», у краіне налічваецца 1442 палітычных зняволеных. Ініцыятыва Dissidentby вызнае палітвязнямі 1716 чалавек, сярод іх 206 жанчын і 7 непаўналетніх. 14 чалавек былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.