
Алана Гебрэмарыям. Фота Паўла Хадзінскага
4 жніўня 2021 года пачалі судзіць маладых людзей. Знакаміты працэс стаў вядомы як «Справа студэнтаў»
12 лістапада 2020 года юнакоў затрымалі супрацоўнікі КДБ. Усяго ў справе 12 абвінавачаных, большасці з іх на той момант — ад 19 да 24 гадоў. Усіх іх — Анастасію Булыбенка, Вікторыю Гранкоўскую, Яну Арабейка, Марыю Каленік, Касю Будзько, Ксенію Сырамалот, Таццяну Якельчык, Іллю Трахтэнберга, Ягора Канецкага, Глеба Фіцнера, Алану Гебрэмарыям, Вольгу Філатчанкаву — праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. Дзесяць студэнтаў пяці мінскіх ВНУ, выкладчыцу БДУІР і выпускніцу медыцынскага ўніверсітэта вінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (частка 1 артыкула 342 КК), і ў злачынстве, якое было здзейснена групай асоб па папярэдняй змове (ч. 2 прт. 17 КК). Справу разглядала суддзя Марына Фёдарава ў Доме правасуддзя.
Сярод абвінавачаных і Алана Гебрэмарыям — сябра Каардынацыйнай рады і прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі.
Яшчэ за паўгадзіны да пачатку пасяджэння каля Дому правасуддзя сабралася каля сотні чалавек, якія прыйшлі падтрымаць студэнтаў. У будынак суда пускалі толькі сваякоў і журналістаў. Аднак каля залы суда тых, хто здолеў патрапіць у будынак, чакаў яшчэ адзін турнікет і дагляд. У выніку, у залу суда дазволілі зайсці толькі блізкім сваякам падсудных — па два родных на аднаго палітвязня. Ніводнага з незалежных журналістаў у залу суда не пусцілі.

Не ўдалося трапіць у спіс блізкіх сваякоў і некаторым бабулям і дзядулям палітвязняў. Бабуля Касі Будзько Кацярына Антонаўна не вытрымала: расплакалася перад турнікетам і доўга ад яго не адыходзіла, прасіўшы прапусціць яе да ўнучкі. Але дзеверы ў залі ўжо зачыніліся.
Прыйшлі падтрымаць падсудную выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву некаторыя з яе студэнтаў. Насця распавядала, што для яе Вольга Філатчанкава заўжды была любімай выкладчыцай: «Усе шэсць месяцаў я думаю толькі пра яе і пра тое, як ёй можна дапамагчы». У першых лістах, якія выкладчыца пісала сваім студэнтам, яна вельмі хвалявалася за адзнакі за лабараторныя працы, якія засталіся ў яе. «Яна заўжды была бойкая, — кажа Насця. — Магчыма, гэтым яна і спадабалася мне: кажа тое, што думае».
— Я не бачыў, каб нехта там быў прыгнечаны, — прызнаваўся Іван. — Усе проста заззялі, калі пабачылі родных.
На пачатку суда адвакаты агучылі тры хадайніцтвы. Адвакат Іллі Трахтэнберга хадайнічаў аб спыненні справы ў сувязі з неаб’ектыўнымі абвінавачваннямі — яно было адхілена. Вольга Філатчанкава з адвакатам хадайнічала аб змяненні меры стрымання для студэнтаў на хатні арышт. І гэтае хадайніцтва адхілілі.

— Я адчуваю гонар за маці, — дзеліцца Іван. — Усе былі захопленыя яе хадайніцтвам за студэнтаў. Надзея, як кажуць, памірае апошняй, але ў большасці сваёй мы гатовыя да горшага. Учора мне прыйшоў ад яе апошні ліст. Яна папярэдзіла мяне, што будзе сядзець у клетцы. Прасіла, каб я гэтага не пужаўся.
Іван па выніках першых гадзін судовых разбіральніцтваў кажа, што абвінавачванні на кожнага падсуднага нібыта напісаны пад капірку: «Такое адчуванне, што мяняюцца толькі прозвішчы, даты і ўстановы адукацыі».
На ганку падчас перапынку стаяла маці Ягора Канецкага Ала. Яна была разам з бабулямі і дзядулямі Ягора, якіх таксама не пусцілі ў залу суда.
— Я першы раз за паўгода пабачыла сына! — плача Ала. — А так, сяджу на карвалоле. Ягор на судзе жэстам папрасіў зняць маску, каб мог пабачыць мяне… А перад судом напісаў, каб я набыла букет кветак сабе ад яго.
На судзе
Пракурор зачытаў абвінавачванні.
Паводле яго слоў, Ягор Канецкі "размяшчаў у чатах заклікі, каардынаваў", Вольга Філатчанкава "выкарыстоўваючы аўтарытэт выкладчыка, размяшчала заклікі да ўдзелу ў беспарадках, падчас правядзення мерапрыемстваў выконвала функцыі каардынавання".
Ілля Трахтэнберг нібыта "заклікаў і размяшчаў інфармацыю аб закліках ў пэўны час і ў пэўным месцы і выконваў функцыю кіравання ўдзельнікамі".
Тэкст абвінавачвання для палітзняволеных амаль не адрозніваецца, змяняюцца толькі ВНУ, таксама ўдакладняюць, што па версіі абвінавачвання фігуранты справы з'яўляліся "групай, якая дзейнічае па папярэдняй змове".
Таксама зачытваюць даты і адрасы месцаў, дзе праходзілі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, і нават прамежкі часу, на працягу якіх доўжыліся гэтыя мерапрыемствы.
Як паведамляе Задзіночанне беларускіх студэнтаў са словаў бацькі аднаго з падсудных, усіх судзяць афлайн. Палітзняволеныя сядзяць у клетках: а адной хлопцы і Вольга Філатчанкава, а ў другой дзяўчаты.
Сярод фігурантаў — былая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольга Філатчанкава. У пачатку працэса яна звярнулася да суда з просьбай усіх апраўдаць.
— Я грамадзянка Рэспублікі Беларусь з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, здольна не толькі асэнсавана мысліць і аналізаваць інфармацыю, але і зразумела выказваць свой пункт гледжання, — звярнулася да суда Вольга Філатчанкава. — Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі людзей пераследвалі, саджалі ў турмы і проста знічтажалі толькі за тое, што іх меркаванне адрознівалася ад меркавання кіруючай эліты. Гэта мы назіраем і ў нашай краіне, у цяперашні час. Гісторыя цудоўна паказвае…
На гэтых словах суддзя перапыніла абвінавачаную:
— Зразумела. Вы паказанні пачынаеце даваць ці хадайніцтва заяўляеце?
— Высокі суд, я заяўляю хадайніцтва, — адказала Філатчанкава.
— Канкрэтна заявіце, якое хадайніцтва ў вас маецца, — настойвала суддзя.
Але Вольга працягнула далей:
— Гісторыя цудоўна ілюструе, што бывае, калі ахвяра кажа «не» сваім катам. На падставе сказанага прашу па дадзенай крымінальнай справе змяніць меру ўтрымання ўсім абвінавачаным і вынесці апраўдаўчы прысуд.
У выніку суддзя адхіліла хадайніцтва адносна меры ўтрымання, фігуранты і надалей будуць знаходзіцца ў СІЗА.

Следства вінаваціць затрыманых у тым, што яны нібыта каардынавалі пратэсты на месцах, вялі тэматычныя тэлеграм-каналы, асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі, кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іх падрыхтаваннем і матэрыяльным забеспячэннем, паведамлялі пра перасоўванне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Паводле следчых, пратэставыя акцыі зрывалі адукацыйны працэс і нармальную працу ВНУ, бо моладзь блакавала калідоры, ускладняла праход студэнтаў, выкладчыкаў і наведнікаў, гучна крычала, свістала, скандавала лозунгі, спявала.
17 траўня 2021 фігурантам скончылі чытаць абвінавачанні. Потым у падсудных спыталі, ці прызнае хтосьці з іх віну.

Выкладчыца Вольга Філатчанкава, студэнткі Кася Будзько, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот і актывістка Алана Гебрэмарыям сказалі, што не разумеюць, у чым канкрэтна абвінавачваюцца, і адмаўляюцца прызнаваць віну. Астатнія фігуранты проста сказалі, што віну не прызнаюць.
З усіх абвінавачаных віну па ч.1 арт. 342 прызнаў толькі студэнт МДЛУ Глеб Фіцнер.
9 ліпеня 2021 прадстаўніца пракуратуры зачытвала абвінавачанні 12 падсудным цягам гадзіны — прыблізна па 5 хвілін на кожнага з абвінавачаных.
Адразу прадстаўніца абвінавачання заявіла, што віна ўсіх падсудных паводле 342 артыкуле КК ў судзе была ўстаноўленая. Доказам несанкцыянаваных акцый ў ВНУ у верасні-кастрычніку 2020 года пракурор назвала паказанні сведак — супрацоўнікаў гэтых установаў.
Рэктары, намеснікі рэктараў, дэканы, выкладчыкі і ахоўнікі БДУ, БДУІР, БНТУ ды іншых вышэйшых навучальных устаноў Мінску, усяго больш за 20 сведак, паводле пракурора, пацвердзілі, што там праходзілі несанкцыянаваныя мітынгі і страйкі, якія «груба парушалі ўнутраны і грамадскі парадак».

Тое, што гэтыя акцыі арганізавалі падсудныя, паводле пракурора, таксама пацверджана доказамі: прызнальнымі паказаннямі падчас «яўкі з павіннай»; дадзенымі праслушкі мабільных тэлефонаў; звесткамі, атрыманымі з кампутараў; пастамі, размешчанымі ў чатах; фота- і відэадоказамі, пісьмовымі дакументамі, у тым ліку улёткамі.
Прадстаўніца абвінавачання прасіла суд улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачаных і тое, што раней яны не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
У канцы прамовы пракурор агучыла тэрміны, якімі просіць пакараць абвінавачаных.
Для Глеба Фіцнера яна запрасіла 2 гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму, для ўсіх іншых абвінавачаных — па 2 гады і 6 месяцаў. Гэтак пракурор просіць пакараць Анастасію Булыбенка, Вікторыю Гранкоўскую, Алану Гебрэмарым, Таццяну Якельчык, Ягора Канецкага, Яну Арабейка, Ксенію Сырамалот, Касю Будзько, Іллю Трахтэнберга, Марыю Каленік і Вольгу Філатчанкаву.
Апошняе слова
У сваім апошнім слове Глеб Фіцнер абмежаваўся тым, што ён прызнае віну, і папрасіў мяккі прысуд.«Вельмі шкада, што такія таленавітыя і смелыя рабяты ўжо восем месяцаў правялі ў турме проста за тое, што не пабаяліся гаварыць», — сказала Філатчанкава.
16 ліпеня 2021 года агучаны прысуд.
11 чалавек атрымалі па 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Выключэннем стаў Глеб Фіцнер — адзіны, хто прызнаў віну. Яму прысудзілі два гады калоніі.
5 кастрычніка адбылося пасяджэнне, на якім разгледзелі апеляцыю на прысуд па гучнай «справе студэнтаў». У выніку прысуды 12 палітвязням засталіся нязменнымі.
27 кастрычніка 2021 палітвязняў пачалі скіроўваць у калоніі.
31 траўня 2022 выйшаў на волю Глеб Фіцнер — першы з дванаццаці асуджаных па «справе студэнтаў».
Сёння пачалі выпускаць астатніх.