Год з «чорнага чацвярга». Што чуваць пра фігурантаў «справы студэнтаў»?

Сёння, 12 лістапада, спаўняецца год з «чорнага чацвярга» — дня, калі прайшлі ператрусы і затрыманні студэнцкіх актывістаў. 16 ліпеня 12 фігурантам «справы студэнтаў» прысудзілі ад 2 да 2,5 гадоў калоніі. Іх прызналі вінаватымі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. 5 кастрычніка прайшла апеляцыя, якая чакана пакінула прысуды ў сіле. Асуджаных напрыканцы кастрычніка этапавалі ў калоніі. «Новы Час» даведаўся, як справы ў некаторых з іх.

«Працуе на прасаванні, запісалася на ўсе гурткі»

Былая студэнтка БНТУ Анастасія Булыбенка ўжо адбыла каранцін у гомельскай калоніі і размеркаваная ў атрад.

Сёння (10 лістапада. — НЧ) атрымала лісты пасля каранціна і размеркавання. У Насці 15 атрад, яна працуе на прасаванні. Атрад вельмі вялікі і вельмі сумбурныя лісты пакуль прыходзяць. Ёй падабаецца, яна запісалася на ўсе гурткі — ад танцаў да нейкіх лекцый. Я думаю, гэта на руку, бо так час будзе хутчэй ісці, — дзеліцца з «Новым Часам» апошнімі навінамі пра дачку мама Асі Булыбенка Аксана Агурчыкава.


Пакуль у Анастасіі быў каранцін, ёй былі забаронены спатканні і званкі родным. Але цяпер яна напісала маці, што атрымала дасланую ёй тэлефонную картку. Пакуль картка на праверцы ў цэнзара, і 16 лістапада атрад, у якім знаходзіцца палітзняволеная, па раскладзе будзе тэлефанаваць родным.

Было б вельмі сімвалічна, калі б 12-га яна мне патэлефанавала, бо будзе роўна год, як я яе не чула па тэлефоне, у нас было толькі чатыры спатканні. На апошнім спатканні яна яшчэ мне сказала: «Мама, я раней з такой неахвотай званіла табе кожную гадзіну, а цяпер за год мы і чатырох гадзін з табой не пагаварылі», — зазначае мама Асі Булыбенка.

Аксана Агурчыкава

Аксана Агурчыкава

Яна падзялілася лістамі, якія атрымала за апошні час ад дачкі.

«Учора была на камісіі па УДВ. Год у СІЗА “з’еў” усе тэрміны, таму мы пайшлі вось так адразу. Паколькі я з’яўляюся той, што “не стала на шлях выпраўлення”, вынік відавочны. Тым, хто не прызнаў віну, устаць на гэты самы шлях, вядомая справа, праблематычна, таму вынік далейшых камісій таксама відавочны. А маё стаўленне да віны не змянілася», — піша палітзняволеная.


Падтрымаць Анастасію Булыбенка можна лістамі і паштоўкамі па адрасе: ПК № 4, 246035, вул.Антошкіна, 3, г. Гомель, 15 атрад.


«Пазбавілі спаткання і перадачы»


Былога студэнта матэматычнага факультэта БДУ Іллю Трахтэнберга напрыканцы кастрычніка этапавалі ў ПК-15 у Магілёве. Родныя амаль месяц не атрымлівалі ад яго навін.


Апошні раз я бачыўся з Іллём пасля апеляцыі, 6 кастрычніка, — распавядае бацька Іллі Віталь Трахтэнберг. — Надзея (яго мама) бачылася з Іллём яшчэ і пасля таго, як яго перавялі пад «юрысдыкцыю» турмы, але да адпраўкі ў калонію. Мы вырашылі, што з ёй паедзе мая мама (усё ж узрост, 81 год, ці мала што будзе), але яна так перахвалявалася, што скокнуў ціск і ў апошні момант яна засталася дома.

Віталь Трахтэнберг

Віталь Трахтэнберг

27 кастрычніка Іллю этапавалі ў калонію. І толькі днямі маці Іллі атрымала ліст, што каранцін у яго заканчваецца 13 лістапада.

Але ўжо сходу Іллю пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, а таксама адной 50-кілаграмовай перадачы. У атрыманым апавяшчэнні было ўказана чатыры, то-бок, раз на тры месяцы. Цяпер атрымліваецца раз на чатыры месяцы. Таксама забралі пры этапе даволі шмат з рэчаў, цяпер будзе разбірацца, ці вернуць у калоніі, альбо можна будзе перадаць нам, родным. У гэтым лісце нават вечны аптымізм Іллі даў збой…

Прычыны пазбаўлення спаткання і перадачы невядомыя.

Падтрымаць Іллю Трахтэнберга лістом можна па адрасе: ПК №15. 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183.

Па інфармацыі «Новага Часу», астатніх фігурантаў «справы студэнтаў» таксама пераводзяць з каранціну ў атрады.

Вольга Філатчанкава — выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яе 12 лістапада пасля ператрусу дома. У Вольгі двое дзяцей — васьмігадовая дачка Маша і 19-гадовы сын Іван.


Перад этапам у гомельскую калонію Вольга Філатчанкава знаходзілася ў СІЗА-3 Гомеля. За час зняволення яна захапілася маляваннем і дасылала родным іх партрэты.

Сябра палітзняволенай актывісткі «Задзіночання беларускіх студэнтаў», студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту Яны Арабейка Валерый Тамілін паведаміў, што дзяўчына ў калоніі збіраецца запісацца на гурток рукадзелля і «агулам больш-менш задаволеная, бо думала, што будзе горш».

Але піша, што вельмі шчыльны расклад і шмат працы, — дадае Валерый.

У гомельскай жаночай калоніі знаходзяцца таксама прыхільніца «Задзіночання беларускіх студэнтаў», студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту Кася Будзько, былая студэнтка БНТУ Вікторыя Гранкоўская, студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ Таццяна Якельчык, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марыя Каленік, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночання беларускіх студэнтаў», валанцёрка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ксенія Сырамалот. Туды ж этапаваная выпускніца медуніверсітэта, член Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям.

Падтрымаць дзяўчат лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе: ПК № 4, 246035, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель.

Студэнта біялагічнага факультэта БДУ і актывіста ЗБС і Вольнага прафсаюзу БДУ Ягора Канецкага этапавалі ў трэцюю калонію «Віцьба». Падтрымаць Ягора: ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба.

Студэнта Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Глеба Фіцнера (яму адзінаму прысудзілі 2 гады, паколькі ён прызнаў віну) этапавалі ў шклоўскую калонію № 17. Пішыце Глебу: ПК № 17, 213004, вул. 1-я Заводская, 8, г. Шклоў, Магілёўская вобласць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: