Гэты артыкул — частка спецпраекту «Падзеленыя кратамі»

Віталь Трахтэнберг: Сын не падпісваў ніякіх папер ці прашэнняў аб памілаванні

У апошнім слове асуджаны на 2,5 гады па «справе студэнтаў» Ілля Трахтэнберг сказаў: «Незалежна ад таго, што мяне чакае, я застануся вольным чалавекам, таму што я магу самастойна думаць і прымаць рашэнні». Мы сустрэліся з бацькам Іллі Віталём і спыталі ў яго пра лёс сына пасля абвяшчэння прысуда і пра тое, як жыве сям’я апошнія 10 месяцаў.

Спадзяваліся, што пасля размовы са следчым сын вернецца

Для тады яшчэ 18-гадовага Іллі Трахтэнберга выбары 2020 года былі першымі ў жыцці. Да гэтага ён не вельмі актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарчых падзеях, але 9 жніўня стала для хлопца «спускавым кручком». З пачаткам навучальнага года Ілля, тады другакурснік мехмата БДУ, далучыўся да мірных пратэстаў студэнтаў.

— Ён хлопец шчыры, і проста так уцерціся і зрабіць выгляд, што нічога не адбылося — гэта не пра яго, — распавядае Віталь Трахтэнберг. — Калі была сустрэча з рэктарам, рабяты прапанавалі, каб ад мехмату на яе пайшоў Ілля. Ён быў актыўны з першых дзён верасня, але нічога супрацьзаконнага не рабіў.

Ніхто ў сям’і і падумаць не мог, што за сваю актыўнасць хлопец будзе расплачвацца свабодай. Але 12 лістапада ў кватэру, дзе жыў Ілля, прыйшлі трое супрацоўнікаў КДБ. Віталь, які тады быў разам з сынам, гаворыць, што вобшук праходзіў карэктна: ніякіх «маскі-шоу» з выламваннем дзвярэй.

— Мне далі пасведчанні ў рукі, каб я мог прачытаць, пастанову, адзінае, не далі яе сфатаграфаваць. Дазволілі паклікаць сваіх панятых і не заходзілі ў кватэру, пакуль я не вывучу дакументы. Іллю дазволілі даслаць SMS маме.

Пра тое, што маладога чалавека будуць затрымліваць, ніхто не казаў — гаварылі, што трэба нешта «ўдакладніць». Таму родныя Іллі спадзяваліся, што пасля размовы са следчым ён вернецца.

— Яму яшчэ так клапатліва сказалі: «Ты ж вазьмі заплечнік для ноўтбука, каб было ў чым несці, калі пойдзеш назад». Таму пэўныя ілюзіі былі, — узгадвае Віталь.


Тады яшчэ ён не ведаў, што сыну надзелі мех на галаву і павезлі ў КДБ. Увечары бацькам патэлефанавалі і паведамілі, што Ілля затрыманы на трое сутак, а потым — да 10. Ілюзіі зніклі.

Бацькі зарыентаваліся хутка. З першага дня ў Іллі быў адвакат. Тым не менш на наступны дзень пасля затрымання хлопца дапытвалі ў прысутнасці іншага камерцыйнага адваката. Сям’я не звярталася па яе паслугі, але, па словах бацькі палітвязня, яна ўсё роўна спрабуе атрымаць з Віталя грошы за працу.

Марыць стаць архітэктарам і працягнуць дынастыю

Мужчына неахвотна дзеліцца эмацыйнымі момантамі з жыцця сына і расповедамі пра яго дзяцінства. У сям’і стараюцца кантраляваць эмоцыі — гэта дапамагае не ўпадаць у роспач, трымацца самім і падбадзёрваць Іллю.

— Ілля — хлопец, які захапляецца і глыбока вывучае тэму. Вельмі актыўна ўдзельнічаў у клубе інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», яму падабаецца графіка, чарчэнне, ён займаўся гэтым у гімназіі. Ленаваўся — выкладчыкі казалі, што, калі б ён рабіў як мае быць, вынікі былі б цудоўныя. Ілля грае на гітары і піша песні, у школе захапляўся геалогіяй, металамі, цікавіўся маркамі — у майго дзядулі калекцыя, трохі — астраноміяй. Ён — адкрыты, шчыры і трывалы хлопец, — распавядае Віталь Трахтэнберг.
Ілля марыць атрымаць адукацыю архітэктара і працягнуць дынастыю. Яго прадзед, вядомы архітэктар Навум Трахтэнберг, фактычна адбудоўваў пасляваенны Мінск — распрацоўваў генплан сталіцы, а таксама іншых гарадоў. Дзед — архітэктар-афарміцель. Пасля школы Ілля паступаў на архітэктуру ў Пецярбург, але не прайшоў, таму вярнуўся ў Мінск і пайшоў на мехмат у БДУ. Але на другім курсе вырашыў, што зімой пасля сесіі будзе забіраць дакументы і зноў паспрабуе паступіць на архітэктара. Праўда, Іллю адлічылі ў кастрычніку, незадоўга да затрымання. Фармальна — за пропускі, насамрэч — за актыўнасць.

Бацькі Іллі ў разводзе, але цяпер яны аб’яднаныя справай падтрымкі сына і называюць гэта «каманднай працай». Яны абодва — з моцнымі характарамі, і гэта перадалося сыну. Апроч мамы і таты хлопца чакаюць 80-гадовая бабуля і дзве малодшыя сястры, адной з іх 18, другой — 3.

Пачаў займацца спортам, змяніў прычоску, перахварэў

«Справа студэнтаў», нягледзячы на шматлікія перашкоды, атрымала шырокі розгалас у СМІ. У ліпені 12 яе фігурантаў прызналі вінаватымі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». За кратамі яны ўжо амаль 10 месяцаў.

Яшчэ напачатку года Віталь змог атрымаць некалькі спатканняў з Іллём. Ён зазначае, што логіка, паводле якой дазваляюць ці не дазваляюць спатканні з вязнямі, незразумелая. Наколькі вядома Віталю, сын не падпісваў ніякіх папер ці прашэнняў аб памілаванні — гэта яго прынцыповая пазіцыя, паколькі хлопец не лічыць сябе вінаватым.

У зняволенні не вялікі выбар заняткаў, у асноўным Ілля займаў час настольнымі гульнямі і шахматамі.

— Адразу ён прыйшоў і заявіў, што ўмее гуляць у шахматы, але яму хутка паказалі, што ён пагарачыўся — там хапае і лепшых гульцоў. Пачаў займацца спортам — смяюся, што хоць нехта яго прымусіў да гэтага. А то звычайна я адціскаюся, а ён ляжыць на канапе з гітарай ці смартфонам, — распавядае Віталь Трахтэнберг.


Каля месяца таму Іллю Трахтэнберга этапавалі з СІЗА на Валадарскага ў магілёўскую турму — гэта прамежкавы этап перад адпраўкай у калонію. Літаральна перад гэтым родныя яшчэ змаглі пабачыцца з ім.

— Этап быў вельмі цяжкім, ехаў у кайданках. Але «пашчасціла», што рукі былі счэпленыя спераду. Канвой — з пустымі вачыма. Першае, што яны зрабілі — для чагосьці павытрасалі ўсе лісты з канвертаў. Таму Іллю, калі прыехаў, давялося складваць іх назад, — перадае бацька палітвязня.

Ён даведаўся, што Ілля змяніў сваю фірмовую пышную фрызуру — пастрыгся вельмі каротка. Хлопец сцвярджае, што ніхто яго да гэтага не прымушаў, ён вырашыў сам змяніць імідж. Праўда, родныя іншых палітвязняў гавораць, што нягледзячы на ўсе шампуні, у зняволеных заводзяцца вошы. Магчыма, сыходзячы з гэтага Ілля і пастрыгся.


Да апошняга часу хлопец не скардзіўся на здароўе. Адразу па затрыманні, калі яго толькі змясцілі ў СІЗА КДБ, бацька сабраў для яго перадачу з вітамінамі і супакаяльнымі сродкамі. Але сын казаў, што не выкарыстоўваў іх, а разлічваў на сілы свайго арганізма.

— А тут ён папрасіў вітаміны і сродак ад прастуды. У лісце Надзі (маці Іллі. — НЧ) ён напісаў, што ўжо амаль ачуняў, і я так зразумеў, што хваробу схапіць паспеў.

Але, мяркуючы па лістах, сын трымаецца нармальна.

— Мы пішам яму бадзёра, не распавядаючы пра тое, што робіцца тут, і ён такім жа чынам нас беражэ, — прызнаецца Віталь Трахтэнберг.

«Галоўнае — усім быць разам»

У адказ на тое, як удаецца пераадольваць выпрабаванні, што так нечакана абрынуліся на сям’ю, Віталь Трахтэнберг хіба іранічна ўсміхаецца і паўтарае: «Нармальна, прарвемся». І сапраўды: рэчы, ад якіх родныя Іллі былі далёкія, цяпер выконваюцца на раз-два. За час зняволення сына бацькам давялося засвоіць шмат новых уменняў: праштудыраваць юрыдычную тэрміналогію, напамяць вывучыць правілы ўпакоўкі перадач у розных СІЗА. А яшчэ — пісаць у турму лісты падтрымкі незнаёмым людзям і не чакаць на іх адказаў.

— Я разумею, там працуе такая ж схема, як і з Іллём: лісты прыходзяць, у асноўным, ад родных. На «Валадарцы» ліст ішоў у сярэднім 12 дзён. Тут, у Магілёве, тэрмін, здаецца, крыху зменшыўся — дзён сем, хоць я заўсёды выкарыстоўваю канверты першага класа.

Віталь шторазу піша сыну доўгія лісты па 4 — 6 старонак. Пра што можна пісаць, калі, здаецца, словаў падтрымкі ўжо не хапае?

— Словаў падтрымкі я яму, фактычна, не пішу — толькі напачатку і напрыканцы, калі развітваюся. З улікам таго, што ў мяне «квэст» з будаўніцтвам і рамонтам, гэтага хапае, каб распавесці ў лісце. Пішу пра рэчы, не звязаныя з месцам, дзе ён знаходзіцца, бо разумею, што цэнзар усё чытае. У сына навінаў нашмат менш. Ён піша, у асноўным, пра тое, што трэба перадаць у перадачах, і нейкія нейтральныя навіны.

Бацька палітвязня перакананы: тым, хто за кратамі, важна ведаць, што пра іх памятаюць, таму трэба працягваць пісаць, нават калі адказы не даходзяць. А вось з перадачамі трэба быць асцярожнымі.

— З нашага досведу: перадача ў СІЗА абмежаваная 30 кілаграмамі. І ў нас разлічана па 7,5 кілаграма раз на тыдзень. Але бывалі выпадкі, калі нехта хацеў зрабіць прыемнае і нешта перадаваў, не папярэдзіўшы, і ў нас заканчваўся ліміт. Мы з Іллём камунікуем і ведаем, што трэба перадаваць і ў якой колькасці. Таму, калі нехта хоча падтрымаць зняволенага, лепш адпраўляць пасылку, бо яе вага не ўваходзіць у вагу перадачы, альбо класці грошы на рахунак — аднак гэта можна рабіць у СІЗА, але не ў калонію — там толькі ад сваякоў. Гэта можа быць самая мінімальная сума, але там будзе напісана, ад каго. І калі ліст можа не дайсці, то перавод дойдзе гарантавана. Ну і вязень зможа купіць сабе карамельку.
  
Важна падтрымліваць і родных палітзняволеных, праўда, тут ва ўсіх сітуацыі розныя. Камусьці патрэбная матэрыяльная дапамога — рахункі за паслугі адвакатаў унушальныя. Камусьці — фізічная: не ўсе родныя жывуць у Мінску, часам яны могуць адправіць на маршрутцы сумку з перадачай, і трэба, каб хтосьці забраў і аднёс ды перадаў у СІЗА.

— Аднаго рэцэпту няма, але галоўнае — усім быць разам. Бо рэжым спрабуе ўсіх раздрабіць, каб усе баяліся камусьці дапамагчы. І захоўваць узаемападтрымку — адзін з варыянтаў супрацьстаяння.

«Моцна пацісну яму руку і адпраўлю як можна хутчэй з краіны»

Дата апеляцыі прысуда па «справе студэнтаў» пакуль невядомая, але, меркавана, разгляд адбудзецца напачатку кастрычніка. Да гэтага часу падыйдзе палова тэрміну зняволення, і бацька разлічвае, што Ілля зможа падацца на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, нягледзячы на тое, што ў СІЗА, як і іншых, яго паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму».

— Тут шмат нюансаў: артыкул за здзяйсненне злачынства ў групе асоб на судзе ім знялі, да таго ж, паколькі гэта першае зняволенне, яны не могуць быць экстрэмістамі. І ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе нідзе не сказана, што пры пастаноўцы на ўлік нельга падавацца на УДВ. Таму мы робім тое, што можам, у існуючым прававым полі і выкарыстоўваем усе законныя механізмы, якія ёсць.

Я абсалютна не лічу яго вінаватым, яго сябры, нашыя суседзі лічаць яго героем і перадаюць словы падтрымкі. Я хацеў бы яму сказаць, каб ён трымаўся і кіраваўся «правілам трох “Н”»: не вер, не бойся, не прасі.

Калі мне ўдасца яго выцягнуць раней, чым скончыцца гэты рэжым, я найперш моцна пацісну яму руку, а па-другое — адпраўлю як можна хутчэй з краіны. Пры ўмове, калі ён сам пагодзіцца гэта зрабіць.

Калі вы хочаце падтрымаць Іллю, напішыце яму ліст ці паштоўку: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Ілля Вітальевіч Трахтэнберг.

Фота Яны Трусіла

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: