32-гадоваму прадпрымальніку прысудзілі 4 гады калоніі за жнівеньскія падзеі
8 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы вынеслі абвінаваўчы прысуд па справе чарговага беларускага палітвязня, піша «Вясна».
32-гадовага Андрэя Лінніка трымаюць за кратамі з 4 жніўня 2021 года.
У той дзень хлопца затрымалі як падазраванага па крымінальнай справе аб удзеле
ў масавых беспарадках. Андрэя перавялі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванне па ч.
2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках».
Андрэй Ліннік — удзельнік акцый пратэстаў, якія адбыліся
пасля выбараў прэзідэнта-2020. Праваабаронцы ацэньваюць яго пераслед і
пазбаўленне волі палітычна матываванымі.
4 лістапада адбылося першае судовае пасяджэнне па яго
справе. Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка, дзяржабвінаваўца — Раман
Бізюк.
Са звестак, якія былі агучаны падчас пасяджэння, стала
вядома, што Андрэй — індывідуальны прадпрымальнік, халасты, дзяцей не мае.
Некалькі запытаў у інтэрнет — і па старонках у сацсетках становіцца зразумела,
што ў звычайным жыцці Андрэй займаўся машынамі, любіў адпачываць на прыродзе,
сустракацца з сябрамі. Тым не менш падчас пасяджэння суда яго трымалі ў
кайданках.
Дзяржабвінаваўца Раман Бізюк паведаміў, што пачынаючы з
дзевяці гадзін вечара 9 жніўня 2020 года на скрыжаванні праспектаў Машэрава і
Пераможцаў «Андрэй Ліннік узяў удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся
гвалтам, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам
прадстаўнікам улады».
«Ні ў якіх масавых беспарадках ўдзельнічаць не
планаваў»
Сам Андрэй Ліннік, калі яму далі слова, сцвердзіў, што 9
жніўня з 21.20 ён сапраўды знаходзіўся на скрыжаванні праспектаў Машэрава і
Пераможцаў: «Калі прыехаў, там ужо было шмат людзей і ачапленне міліцыі.
Было некалькі тысяч чалавек. У асноўным людзі знаходзіліся на дарозе і
тратуарах. Варожага настрою ні ў каго не было. Выкрыквалі толькі лозунгі.
Сцягоў і вымпелаў не бачыў».
Андрэй растлумачыў, што ў той дзень на скрыжаванне Машэрава
і Пераможцаў ён прыехаў таму, што напярэдадні ў СМІ прачытаў навіну пра тое, што
ў гэтым месцы пройдзе мірны мітынг нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у
Беларусі.
«Ні ў якіх масавых беспарадках я ўдзельнічаць не
планаваў, — удакладніў падсудны. — Звестак пра тое, што мітынг
забаронены, я не бачыў».
Таксама Андрэй распавёў, што ніякіх заклікаў разысціся з
боку міліцыі ён не чуў.
«Калі я туды прыехаў, барыкады ўжо былі сфармаваныя, — тлумачыў падсудны. — У асноўным гэта былі пластыкавыя смеццевыя бакі. У
пабудове барыкад ўдзелу я не прымаў. Але потым выкаціў бетонны кветнік, бо з
боку натоўпу пачаліся заклікі. Кветнік складаўся з дзвюх частак, ён не быў
умантаваны ў зямлю. Я дастаў яе з ўкладыша і перамясціў. Хтосьці побач стаяў і
накіроўваў куды яго цягнуць».
Крыху пазней Андрэй таксама пацвердзіў, што выкрыкваў
лозунгі, звязаныя са сваёй нязгодай з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, некалькі
дзясяткаў разоў ударыў па смеццевых кантэйнерах і паказаў у бок міліцыі знак з
сярэднім пальцам.
«Гэта было са злосці, бо яны кідалі светлашумавыя
гранаты і адна трапіла мне пад ногі», — расказаў Андрэй. Ён жа паведаміў
суду, што не згодны з кваліфікацыяй артыкула, таму што не лічыць свае дзеянні
пагромамі: «Нічога не граміў і не паліў, удзельнічаць у масавых беспарадках
не планаваў, а з самой акцыі пратэсту сышоў пасля таго, як на месцы падзей
з'явілася шмат супрацоўнікаў міліцыі».
У ролі сведкі на судзе прысутнічала маці абвінавачанага — Валянціна Ліннік. Але ад дачы паказанняў яна адмовілася.
Не стаў адмаўляць абставіны справы і выказаў раскаянне
У якасці рэчавага доказу віны Лінніка суд прадставіў асабістыя рэчы мужчыны, якія канфіскавалі ў яго дома падчас затрымання: сінія джынсы, чорныя красоўкі. У іх Андрэй быў апрануты 9 жніўня на акцыі пратэсту.
Экспертыза мабільнага тэлефона, які ў Андрэя канфіскавалі
падчас ператрусу, выявіла перапіскі і фота, у тым ліку выдаленыя. Бок
абвінавачвання паведаміў, што фатаграфіі на мабільным тэлефоне Андрэя «носяць
пратэсны характар», у тым ліку ў тэлефоне знайшлі паведамленні з лагатыпам
забароненага тэлеграм-канала, а таксама звесткі з чат-бота «Голас». Напрыканцы
пракурор паведаміў, што ў абвінавачвання есць «файл з відыёзапісам памерам 4
секунды, на якім можна пабачыць мужчыну, падобнага на Лінніка, які наносіць
удары па скрыні, а таксама фота Лінніка непасрэдна каля барыкад».
Андрэй Ліннік апазнаў сябе на гэтым відэа і прызнаў іск на
карысць «Мінсктранса» ў памеры 3621 рубель 94 капейкі. Паводле версіі
дзяржабвінавачання, менавіта такую шкоду сваімі дзеяннямі Андрэй нанёс «Мінсктрансу» ў сувязі з прыпынкам працы грамадскага транспарту падчас акцыі
пратэсту.
Абставіны справы, якія яму прад'явілі, Андрэй адмаўляць
таксама не стаў. Мужчына пацвердзіў, што сапраўды выкочваў бетонны кветнік,
які да гэтага ён жа сам і расцерушыў.
Падчас спрэчак пракурор заявіў, што віна абвінавачанага
цалкам даказана і прапанаваў суду пакараць Андрэя Лінніка 4 гадамі пазбаўлення
волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама задаволіць заяўленыя іскавыя
патрабаванні «Мінсктранса».
Абарона з абвінавачваннямі не пагадзілася.
«У перыяд знаходжання Лінніка ў натоўпе масавыя
беспарадкі не наступалі. Тыя дзеянні не падпадаюць пад масавыя беспарадкі.
Улічваючы абстаноўку, у якой знаходзіўся Ліннік, лічу, што можна казаць толькі
пра грубае парушэнне грамадскага парадку, прадугледжанае артыкулам 342, — выступіў адвакат Андрэя Лінніка. — У абвінавачанні сказана, што Ліннік ўчыніў
пагром шляхам таго, што выкаціў кветнік. Аднак гэта не падпадае пад вызначэнне
пагрому. Цэласнасць скрыні не была пашкоджана, а была толькі парушаная. Гэта
таксама нельга расцэньваць як пагром. Усё, што адбывалася далей, было без
удзелу майго падабароннага. Прашу перакваліфікаваць артыкул у «дзеянні, якія
груба парушаюць грамадскі парадак» і прызначыць пакаранне, звязанае з
абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу».
Падчас свайго апошняга слова Андрэй Ліннік выказаў словы
раскаяння і папрасіў суд прыслухацца да абаронцы.
Рашэнне суда па справе Андрэя Лінніка было зачытана 8 лістапада.
Як і запытваў пракурор, Андрэю прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі
ўзмоцненага рэжыму. Утрыманне пад вартай у перыяд з 4 жніўня да 8 лістапада
2021 года суд пастанавіў залічыць у
тэрмін адбыцця пакарання з разліку 1 дзень утрымання пад вартай да 1,5 дзён
адбыцця пакарання. Адвакат і пракурор з прысудам пагадзіліся, апошняга слова ад
Андрэя Лінніка не было.
Праваабаронцы працягваюць настойваць на тым, што сходы грамадзян, у якіх удзельнічаў Ліннік, не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. А гэта значыць, што па законе яго дзеянні не могуць быць кваліфікаваныя як «масавыя беспарадкі». Андрэй Ліннік прызнаны палітычным зняволеным.